Спецпасланнік прэзідэнта ЗША Джон Коўл перад візітам у Мінск сустрэўся ў Вільні не толькі з прэм’ер-міністрам Літвы Інгай Ругінене. У яго адбылася размова з трыма літоўскімі дэпутатамі: членамі Сейма Рымасам Янкунасам і Ігнасам Вегеле, а таксама еўрадэпутатам Пятрасам Гражулісам.
Удзельнікі сустрэчы пацвердзілі яе факт LRT. Яе павестка закранала беларуска-літоўскія адносіны.
«Мы дамовіліся не надаваць гэта агалосцы, бо А. Лукашэнка рэагуе вельмі адчувальна. Мы абмеркавалі ўсе найбольш актуальныя сёння праблемы, адносіны з Беларуссю, той факт, што нашы людзі адмаўляюцца фарміраваць дэлегацыю на палітычным узроўні, каб абмяркоўваць вырашэнне ўсіх праблем. Мы лічым, што гэта сапраўды памылка, што нам варта пагаварыць. Калі Дональд Трамп размаўляе, тэлефануе, шукае кантакту, то нам не варта занадта выстаўляць гэта напаказ.
Мы таксама абмяркоўвалі іншыя пытанні, гісторыю з паветранымі шарамі, праблемы з грузавікамі, як іх вырашыць. Я не хачу ўдавацца ў падрабязнасці, але калі б мы пагаварылі, магчыма, гэтыя грузавікі былі б адпушчаныя. Такая мая выснова», – цытуе тэлеканал Гражуліса.
Паводле яго слоў, пазіцыя дэпутатаў адрозніваецца ад афіцыйнай пазіцыі ўрада. Акрамя таго, Гражуліс распавёў, што падымалася пытанне пра палігон у Капчамесцісе каля Сувалкскага калідора і санкцыях у дачыненні да ўгнаенняў.
“Рымас Янкунас падкрэсліў, і я думаю, ён са мной згодны, што гэтыя санкцыі ў дачыненні да ўгнаенняў вельмі выгадныя Уладзіміру Пуціну, але шкодныя для Літвы, цэны на ўгнаенні выраслі, а кампанія «Уралкалій» пачала працаваць вельмі прыбыткова. Мы ўсё гэта сказалі, гэта зусім іншая пазіцыя, чым тая, якую вы пачуеце ад нашага прэзідэнта ці міністра замежных спраў”, – сказаў дэпутат.
Як піша LRT, у Гражуліса склалася ўражанне, што грузавікі, затрыманыя ў Беларусі, могуць быць вызвалены.
“Паведамляецца таксама, што спадар Коул выказаў надзею на тое, што ўдасца дыстанцыяваць рэжым Лукашэнкі ад спадара Пуціна, але як гэта будзе рэалізавана, пакуль незразумела”, – гаворыцца ў матэрыяле.
Ігнас Вегеле не стаў падрабязна каментаваць змест сустрэчы. Пры гэтым, паводле слоў Гражуліса, ён задаваў найбольш пытанняў.
«Я б не хацеў гаварыць пра гэтую сустрэчу, бо яна адбылася да перамоў спадара Коула ў Беларусі, якія вельмі важныя для многіх сем’яў палітычных зняволеных, што чакаюць іх вяртання з турмы. Я хачу пажадаць спадару Коулу поспехаў у гэтых перамовах. Па-другое, ён вядзе перамовы ад нашага імя, ён усяляе ў мяне надзею, што справа хоць неяк прасунецца наперад. Я таксама прыклаў усе намаганні, каб гэта адбылося, каб перамовы прайшлі паспяхова, таму я больш слухаў, чым гаварыў», – прыводзіць яго словы тэлеканал.
Усе тры дэпутаты не займаюць значных пасад. Пры гэтым Пятрас Гражуліс паведаміў, што ён уваходзіць у Групу суверэнных нацый Еўропы, якая падтрымлівае цесныя сувязі з адміністрацыяй Дональда Трампа. Менавіта праз гэтую групу Гражуліс і арганізаваў сустрэчу.
Прэм’ер-міністр Літвы Інга Ругінене даволі халодна адрэагавала на звесткі пра сустрэчу дэпутатаў з Коулам, сказаўшы, што яна за імі не сочыць.
Лідар кіроўнай ЛСДП Міндаўгас Сінкевічус сказаў, што кіраўнікі кааліцыі не былі праінфармаваныя пра сустрэчу. Аднак, паводле яго слоў, замежны госць можа сустракацца з кім пажадае.
“Па ўсёй бачнасці, у пасла ёсць магчымасць сустрэцца з шырокім колам палітыкаў і такімі лідарамі або прадстаўнікамі альтэрнатыўнай палітыкі ў кіроўнай большасці», – сказаў ён.
Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа таксама пракаментаваў сустрэчу. На яго думку, цяперашняя адміністрацыя Белага дома «шукае палітычныя сілы або палітычных дзеячаў, якія могуць падацца ёй ідэалагічна блізкімі».
«Я думаю, што перад сустрэчай з такімі людзьмі варта вельмі добра высветліць, каго яны прадстаўляюць, якія каштоўнасці адстойваюць, і тады, магчыма, жаданне сустрэцца зменшыцца», – прыводзіць яго словы LRT.
Варта адзначыць, што Ігнас Вегеле ў 2024 годзе балатаваўся ў прэзідэнты Літвы. Тады па выніках выбараў ён заняў трэцяе месца. Падчас перадвыбарчай кампаніі Вегеле казаў, што аддаў бы перавагу бачыць Беларусь у выглядзе недэмакратычнай дзяржавы, але такой, якая была б буфернай зонай з Расіяй. Таксама не падтрымліваў знаходжанне ў Вільні Офіса Святланы Ціханоўскай. Падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі таксама было апублікавана журналісцкае расследаванне, у якім выказваліся падазрэнні, што бізнес яго сям’і датычны да абыходу санкцый.
