Прэзідэнт асацыяцыі Linava Эрландас Мікенас заклікае літоўскі ўрад прыняць канкрэтнае рашэнне для вяртання грузавікоў, якія затрымаліся ў Беларусі. Ён адзначыў, што цягачы дагэтуль знаходзяцца на пляцоўках у Беларусі, а дзяржава і перавозчыкі штодня нясуць вялікія страты. Акрамя таго, па яго словах, няма ніякай інфармацыі аб аднаўленні руху, піша Delfi са спасылкай на Elta.
Каментуючы словы прэм’ер-міністра Інгі Ругінене пра тое, што немалая частка затрыманых цягачоў ужо курсіруе паміж Літвой і Беларуссю, ён заявіў, што перавозчыкі не могуць пацвердзіць гэтую інфармацыю.
«Хто яе падаў прэм’ер-міністру, можа адказаць толькі яна сама. Перавозчыкі, якія апынуліся ў закладніках, сустракаюць святы з расчараваннем, а заявы прэм’ер-міністра і міністра транспарту толькі раздражняюць іх. Відавочна, што страты ўрада і перавозчыкаў не ўваходзяць у спіс прыярытэтаў урада», — сказаў ён.
«Прэм’ер-міністр не знаходзіць часу на сустрэчу з перавозчыкамі, якія апынуліся ў гэтай сітуацыі з-за дапушчаных урадам памылак, аднак знаходзіць час на сустрэчу з удзельнікамі ралі ў Дакары», — дадаў Мікенас.
Ён заклікаў урад да канкрэтнага рашэння, якое гарантуе вяртанне транспартных сродкаў.
«Linava просіць не сімвалічных жэстаў і дэкларацый, а яснага, афіцыйнага і празрыстага рашэння, якое забяспечыць рэальнае вяртанне ўсіх цягачоў, што належаць літоўскім перавозчыкам, а не ілюзіі, нібыта праблему вырашаюць або ўжо вырашылі», — сказаў Мікенас.
Нагадаем, 23 снежня прэм’ер-міністр Літвы Інга Ругінене заявіла, што значная частка грузавікоў літоўскіх перавозчыкаў, якія былі заблакаваныя ў Беларусі, ужо вярнулася да працы.
«У нас ёсць інфармацыя, што значная колькасць грузавікоў ужо працягвае працаваць, курсіруючы паміж Літвой і Беларуссю, невялікая колькасць усё яшчэ знаходзіцца ў Беларусі, мы працуем над гэтым, але сітуацыя вырашаецца паступова», — сказала яна.
Ругінене не стала ўдакладняць, колькі менавіта грузавікоў ужо зноў працуюць на сваіх маршрутах.
Міністр транспарту Юрас Тамінскас у той жа дзень заявіў, што не можа пацвердзіць гэтую інфармацыю. Паводле яго слоў, Linava спачатку павінна падлічыць, колькі цягачоў знаходзіцца ў Беларусі, і прадаставіць дадзеныя ўраду. Ён падкрэсліў, што пакуль Linava не прадаставіць гэтыя дадзеныя, гэтае пытанне абмяркоўваць не будуць.