Літоўская асацыяцыя перавозчыкаў Linava пакуль не атрымлівала афіцыйных пацверджанняў аб вяртанні грузавікоў з Беларусі. У пятніцу Аляксандр Лукашэнка публічна заявіў, што з панядзелка пачне вяртаць транспартныя сродкі, якія ўтрымліваюцца ў Беларусі з мінулай восені.
«Афіцыйнага дакумента ў нас няма, хоць мы яго вельмі чакаем і спадзяёмся, што сёння ён з’явіцца. Аднак публічна дадзенае абяцанне павінна быць выканана. Мы на гэта спадзяёмся», — сказаў кіраўнік Linava Эрландас Мікенас у эфіры радыё LRT.
Паводле яго слоў, уладальнікі грузавікоў таксама занепакоеныя памерам платы за стаянку ў Беларусі. Першапачаткова Лукашэнка называў тарыф у 120 еўра за дзень.
«Мы стаялі чатыры месяцы — гэта каля 120 дзён. Калі на пачатковым этапе плата складала 120 еўра ў суткі, то за адзін цягач за чатыры месяцы выходзіць 14,4 тыс. еўра. Арыфметыка вельмі простая. І ўзнікае пытанне, адкуль кампаніі возьмуць такія сродкі, а таксама дзе знойдуць столькі кіроўцаў, бо кіроўцы, вядома, ужо працуюць у іншых кампаніях і нават не ў нашай краіне», — сказаў Мікенас.
Трэба адзначыць, што ў пятніцу Лукашэнка прызнаваў, што для перавозчыкаў плата можа аказацца непад’ёмнай, і “яны палову гэтых аўтамабіляў не забяруць, бо там ужо цана будзе вышэй, чым яны куплялі”. Ён сказаў, што ўсталюе “еўрапейскую цану”.
Яшчэ адзін нюанс будучага вяртання грузавікоў — перасячэнне імі мяжы. Паводле ацэнкі Мікенаса, калі грузавікі будуць прапускаць у тым жа рытме, як цяпер, то яны прастаяць на мяжы яшчэ месяц. Асацыяцыя ўжо звярнулася ў літоўскую мытню.
