Служба ваеннай разведкі і бяспекі Латвіі (MIDD) апублікавала імёны шасці афіцэраў ГРУ Расіі і аднаго супрацоўніка ГРУ Беларусі, якія вядуць агентурную дзейнасць супраць Латвіі, гаворыцца ў справаздачы службы за 2025 год.
MIDD адзначае, што расійскія і беларускія разведкі і службы бяспекі доўгі час супрацоўнічаюць. «Фактычна, Беларусь вядзе збор разведданых таксама ў інтарэсах Расіі, і яе ваенную разведку можна разглядаць як «філіял» ГРУ РФ», — гаворыцца ў справаздачы.
У справаздачы згадваецца Сяргей Баранаў, супрацоўнік ГРУ Генштаба ВС Беларусі, а таксама афіцэры расійскага ГРУ Аляксей Пыжыкаў, Аляксей Ляснікоў, Мікалай Чацвярыкоў, Аляксандр Юшын, Аляксандр Гладкоў і Грыгорый Іваноў.
Як заяўляе MIDD, расійскае ГРУ вярбуе агентаў для збору разведданых і шукае іншых асоб, якіх можна ўцягнуць у супрацоўніцтва. За стварэнне расійскай агентурнай сеткі на аператыўна-тактычным узроўні адказваюць разведвальныя цэнтры ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Калінінградзе і Смаленску. Яны асабліва актыўна займаюцца вярбоўкай грамадзян, якія рэгулярна ездзяць у Расію або Беларусь.
У справаздачы таксама гаворыцца пра рост палітычнага і эканамічнага ўплыву Расіі ў Беларусі.
«Дыктатар Аляксандр Лукашэнка спрабуе аднавіць кантакты з заходнімі краінамі з мэтай змякчэння санкцый супраць Беларусі і стварэння ілюзіі суверэнітэту ў насельніцтва краіны. Фактычна Лукашэнка апынуўся залежным ад прыхільнасці Крамля, які выкарыстоўвае Беларусь як дадатак расійскага ваенна-прамысловага комплексу, палітычнага васала і дадатковы прапагандысцкі інструмент», — гаворыцца ў справаздачы.
MIDD лічыць, што ўплыў Расіі на Беларусь, у тым ліку нефармальны, верагодна захаваецца і без Лукашэнкі, незалежна ад фармальнай структуры ўлады ў Беларусі.

