Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета і кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка звярнуўся ў Еўрапейскую службу знешніх дзеянняў (ЕСЗД) для вырашэння праблемы з адкрыццём банкаўскіх рахункаў для грамадзян Беларусі ў ЕС, паведамляе АПК.
Грамадзяне Беларусі, якія чакаюць рашэння па ВНЖ, сутыкаюцца з перашкодамі пры адкрыцці і выкарыстанні банкаўскіх рахункаў. Сітуацыя ўскладнілася пасля прыняцця «консульскага ўказа», які забараняе беларусам атрымліваць і абнаўляць пашпарты за межамі Беларусі.
У шэрагу краін ЕС працэс атрымання і падаўжэння віду на жыхарства, у тым ліку праз працэдуры міжнароднай абароны, займае ад 6 да 24 месяцаў. Увесь гэты час чалавек знаходзіцца ў краіне легальна на падставе штампа, часовага пасведчання або іншага дакумента, які пацвярджае падачу заявы, але не мае карты ВНЖ. Банкі, якія празмерна асцярожна трактуюць правілы, блакуюць карты і доступ да банкаўскіх сэрвісаў.
Латушка падкрэсліў, што такая практыка супярэчыць гуманітарным прынцыпам ЕС і палажэнням Дырэктывы аб плацежных рахунках, якая гарантуе права на базавы плацежны рахунак усім законным рэзідэнтам ЕС.
Латушка прапанаваў ЕСЗД:
- выпусціць афіцыйныя тлумачэнні, якія пацвярджаюць, што асобы, якія чакаюць атрымання ВНЖ або міжнароднай абароны і маюць адпаведныя дакументы ад нацыянальных уладаў, павінны разглядацца нароўні з асобамі, якія ўжо атрымалі дазвол на пражыванне;
- прызнаць праязны дакумент замежніка і часовае пасведчанне асобы замежніка дастатковай падставай для вызвалення ад абмежаванняў;
- рэкамендаваць банкам не абмяжоўваць доступ да мабільных дадаткаў і плацежных інструментаў на перыяд чакання дакументаў, калі законнасць знаходжання чалавека ў краіне афіцыйна пацверджана.