Лаўрэата конкурсаў вакалістаў і ўдзельніка спеўнага хору Даніэля-Ландсея Кейту прысудзілі да калоніі за ўдзел у пратэстах, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
Разгляд крымінальнай справы адбыўся ў пачатку года ў судзе Маскоўскага раёна Мінска, але вынікі працэсу сталі вядомыя праваабаронцам толькі цяпер. Даніэлю інкрымінавалі ч. 1 арт. 342 КК. Працэс вяла суддзя Тацяна Пірожнікава. Хлопцу прызначылі 2 гады пазбаўлення волі. Ён знаходзіцца ў шклоўскай ПК-17.
Пра затрыманне Даніэля-Ландсея Кейты стала вядома ў чэрвені мінулага года. На «пакаяльным відэа» ён «прызнаваўся» ў тым, што ў 2020 годзе ўдзельнічаў у акцыях пратэсту, пакідаў негатыўныя каментары пра міліцыянераў і прадстаўнікоў улады, а таксама дрэнна ставіўся да расійскіх вайскоўцаў, якія ваююць ва Украіне.
Вядома, што Даніэль — лаўрэат I ступені міжнароднага конкурсу юных вакалістаў імя Шаляпіна.