Спецпасланнік прэзідэнта ЗША Джон Коўл падтрымаў заклік кіраўніка Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва Валерыя Кавалеўскага падключыць еўрапейскія краіны да работы па вызваленні беларускіх палітвязняў.
Беларускі палітык пракаментаваў сённяшнюю навіну пра «памілаванне» 28 палітычных зняволеных, назваўшы гэта «яшчэ адным пазітыўным крокам з боку беларускіх ўладаў».
“У чарговы раз межы немагчымага зрушваюцца, а прастора магчымага пашыраецца. Мы працягваем працаваць над вызваленнем усіх палітычных зняволеных і спыненнем крымінальнага пераследу па палітычных матывах у Беларусі.
Для паскарэння прагрэсу ў гэтай працы вельмі важна, каб дыпламатычныя намаганні ЗША, якія цвёрда і настойліва ажыццяўляюцца спецыяльным пасланнікам Джонам Коўлам і намеснікам памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША па справах Еўропы і Еўразіі Крысам Смітам у супрацоўніцтве з Мінскам, атрымалі падтрымку з боку еўрапейскіх краін”, — напісаў ён у X.
Кавалеўскі адрасаваў свой заклік прэзідэнту Францыі Эманюэлю Макрону, Міністэрству Еўропы і замежных спраў Францыі, Еўрапейскай службе знешніх дзеянняў, міністру замежных спраў Вялікабрытаніі Івет Купер, міністру замежных спраў Германіі Ёхану Вадэфулю і намесніку прэм’ер-міністра і міністру замежных спраў Італіі Антоніа Таяні.
Коўл адказаў на публікацыю адным словам: «Пагаджаюся».
Agree https://t.co/elaoqEwUQH
— john coale (@johnpcoale) July 1, 2026