Кіраўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы сыходзіць у адстаўку пасля інцыдэнту з мігрантамі

Навіны
Рустам Любаев. Фото: vsat.lrv.lt

Кіраўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы (VSAT) Рустам Любаеў абвясціў пра адстаўку.

«Я перакананы, што ў сітуацыі, якая склалася цяпер, абавязаны прыняць рашэнне, якое будзе найбольш карысным для Службы аховы дзяржаўнай мяжы.

Рэагуючы на сумневы адносна Службы аховы дзяржаўнай мяжы, якія выказваюцца ў публічнай прасторы, і адчуваючы поўную адказнасць як за поспехі ўстановы, так і за яе няўдачы, я вырашыў сысці з пасады», — заявіў Любаеў.

Ён дадаў, што для яго самае важнае — стабільнасць у сістэме і нармальнае функцыянаванне службы.

Адстаўка адбылася пасля інцыдэнту з нападам мігрантаў на літоўскіх памежнікаў.

Нагадаем, 26 ліпеня памежнікі спрабавалі затрымаць мігрантаў, якія прабраліся ў Літву праз тунэль. Аднак затым з тунэля выйшлі яшчэ 20 чалавек і адбілі таварышаў, схаваўшыся на тэрыторыі Беларусі. Пазней стала вядома, што мігранты спрабавалі зацягнуць літоўскага памежніка на тэрыторыю Беларусі. Ён змог адбіцца, але атрымаў раненне і трапіў у бальніцу.

Першапачаткова VSAT паведаміла толькі пра выяўленне тунэля. Пасля таго, як інфармацыя пра сутычку з’явілася ў СМІ, было пачата ўнутранае расследаванне.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.