Ціханоўская рэгулярна ўздымае пытанні пратэрмінаваных пашпартоў на сустрэчах у МЗС

Галоўнае
Иллюстративное фото reform.news

Святлана Ціханоўская рэгулярна ўздымае пытанні пратэрмінаваных беларускіх пашпартоў на сустрэчах у Міністэрствах замежных спраў краін-партнёраў. Пра гэта заявіў дыпламатычны дарадца Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі.

Нагадаем, ужо на працягу некалькіх гадоў беларусы не могуць атрымаць пашпарт краіны ў дыпламатычных прадстаўніцтвах Беларусі за мяжой. Між тым не ўсе могуць свабодна вярнуцца ў краіну для абмену дакументаў, не сутыкаючыся з рызыкай пераследу.

«Рэжым Лукашэнкі стварыў пастку не толькі для беларусаў і беларусак, але і для ўрадаў іншых краінаў, якія цяпер вымушаныя шукаць прававыя механізмы для вырашэння гэтай праблемы.

Пытанне пратэрмінаваных беларускіх пашпартоў рэгулярна ўздымаецца падчас сустрэч Святланы Ціханоўскай з міністрамі дзяржаваў. Паралельна перамовы працягваюцца на працоўным узроўні — менавіта так удалося дасягнуць прагрэсу ў Іспаніі.

Таму поспех магчымы толькі праз сумесныя намаганні — дзяржаўных органаў, парламентарыяў, міжнародных партнёраў і беларускіх дыяспар. Менавіта такая сінергія дапамагае знаходзіць рашэнні і адкрывае шлях да новых змен», — расказаў Кучынскі.

Паводле яго слоў, праца вядзецца ў двух кірунках. На агульнаеўрапейскім узроўні былі выпрацаваныя рэкамендацыі для краін Савета Еўропы па легалізацыі беларусаў, у тым ліку тых, хто мае пратэрмінаваныя пашпарты.

Таксама індывідуальная праца вядзецца з кожнай краінай асобна. У Літве і Польшчы дзейнічаюць сістэмныя рашэнні.

Кучынскі падкрэсліў значэнне намаганняў мясцовых дыяспар.

“Каманда Офіса супрацоўнічае з беларускімі дыяспарамі, заклікае іх уздымаць праблему праз мясцовыя інстытуты — амбудсменаў, праваабарончыя структуры і нацыянальныя органы ўлады. Адначасова пытанне прасоўваецца і на палітычным узроўні”, — заявілі ў Офісе.

Адзначаецца, што рашэнні па пашпартах не з’яўляюцца хутка. Яны патрабуюць месяцаў, а часам і гадоў працы, уключаючы сустрэчы, збор доказаў і ўзаемадзеянне з дзяржаўнымі ўстановамі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.