Кіраўнік Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачэнка далажыў Аляксандру Лукашэнку пра сітуацыю з падзежам жывёлы ў рэгіёне. Гэтае пытанне стала адной з ключавых тэм абмеркавання падчас сённяшняга дакладу пра стан спраў у вобласці.
Падчас сустрэчы абмяркоўвалася сацыяльна-эканамічнае становішча рэгіёна з улікам праблем, узнятых напярэдадні на нарадзе па Віцебскай вобласці, паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.
Паводле слоў Ісачэнкі, у шэрагу гаспадарак і раёнаў фіксуюцца негатыўныя тэндэнцыі. Прычынамі былі названыя невыкананне тэхналагічных патрабаванняў, бесгаспадарчасць і адсутнасць дысцыпліны на месцах. Ён паведаміў, што для выпраўлення сітуацыі ў рэгіёне створаны мабільныя групы, якія выязджаюць непасрэдна ў гаспадаркі і аказваюць кансультацыйную і практычную дапамогу.
Лукашэнка таксама пацікавіўся, як праходзіць зімоўка жывёлы і ці забяспечаныя гаспадаркі кармамі. Паводле інфармацыі кіраўніка аблвыканкама, магутнасці камбікормавых прадпрыемстваў вобласці задзейнічаныя цалкам, “усе пытанні вырашаныя”.
Асобнай тэмай стала праца прадпрыемстваў мяса-малочнай галіны. Сцвярджаецца, што сітуацыя ў гэтай сферы палепшылася: у прыватнасці, магутнасці мясаапрацоўчых прадпрыемстваў у сярэднім загружаныя на 90%.
Ісачэнка таксама далажыў пра рэалізацыю праектаў у Шклове, якія знаходзяцца на кантролі Лукашэнкі. Гаворка ідзе пра будаўніцтва і рэканструкцыю комплексу аб’ектаў, уключаючы камбікормавы завод, аграсэрвіс, сельгасхімію і новае малакаперапрацоўчае прадпрыемства. Паведамляецца, што ўсе гэтыя аб’екты плануецца цалкам увесці ў эксплуатацыю ў бягучым годзе.
