Старшыня прэзідыума Акадэміі навук Уладзімір Каранік у эфіры СТБ расказаў пра планы падрыхтаваць працяглую касмічную місію. Паводле яго слоў, яна абмяркоўваецца з “Роскосмасам”.
“Гэта праца працяглая. Мы павінны разумець, што касмічная праграма павінна развівацца паэтапна. Наступны этап – гэта больш працяглая місія. Зараз, падчас касмічнага тыдня, мы размаўлялі з прадстаўніком «Роскосмаса» пра тое, каб у межах ужо праекта Расійскай арбітальнай станцыі падрыхтаваць сумесную экспедыцыю, дзе будзе прадстаўнік Рэспублікі Беларусь у складзе гэтай экспедыцыі”, – сказаў ён.
Паводле яго слоў, гэта пытанне не года і не двух.
“Але асноўная задача – павінна быць распрацавана навуковая праграма, пад навуковую праграму ўжо тады будзе праводзіцца адбор прэтэндэнтаў і падрыхтоўка да гэтага палёту. Гэта пытанне не года, не двух, але ў галаве мы ўжо трымаем больш працяглую місію. Больш за тое, пачынаем ужо да яе патроху рыхтавацца пакуль у межах менавіта насычэння навуковага, падрыхтоўкі эксперыментаў і тых напрамкаў, якія цікава было б нам і цікава было б калегам з «Роскосмаса» ажыццявіць у межах гэтага палёту”, – дадаў ён.
Нагадаем, у 2024 годзе “Роскосмас” зацвердзіў праграму стварэння расійскай арбітальнай станцыі. У адпаведнасці з ёй у гэтым годзе плануецца запусціць навукова-энергетычны модуль. Затым у перыяд да 2030 года на арбіту будуць выведзены ўніверсальна-вузлавы, шлюзавы і базавы модулі. Другі этап стварэння станцыі запланаваны на 2031-2033 гады. Паводле апошніх дадзеных, запуск першага модуля плануецца на снежань 2027 года.
