Кангрэс мясцовых і рэгіянальных уладаў Савета Еўропы працягнуў мандат дэлегацыі дэмакратычных сіл Беларусі на наступныя два гады, паведамляе прэс-служба Каардынацыйнай Рады.
Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета і дэлегат КР Павел Латушка заявіў, што ўдзел у Кангрэсе дае беларускім дэмсілам унікальны досвед мясцовага самакіравання і дэмакратыі, які можа быць выкарыстаны ў будучыні ў Беларусі.
«Сённяшняя дыскусія — гэта ўклад у будучыню, гэта новы досвед для беларусаў, які яны змогуць потым рэалізаваць у дэмакратычнай Беларусі», — адзначыў ён падчас рабочай сустрэчы «12 прынцыпаў незалежнага дэмакратычнага кіравання Савета Еўропы: уступ, інструменты і найлепшыя практыкі», арганізаванай Кангрэсам мясцовых і рэгіянальных уладаў Савета Еўропы на просьбу дэлегацыі беларускіх дэмсілаў.
«Кангрэс для нас — унікальнае месца для атрымання досведу мясцовай дэмакратыі. Будучыня Беларусі менавіта ў пашырэнні паўнамоцтваў мясцовых органаў улады, дэцэнтралізацыі ўлады. У процівагу таму, што стварыў Лукашэнка, калі адбылася поўная цэнтралізацыя і персаналізацыя ўлады, і ўсе рашэнні нават на самым нізкім узроўні прымаюцца толькі з яго згоды.
Мы разумеем важнасць гэтай рэформы і працуем над ёй. Каардынацыйная Рада таксама разглядала законапраект аб мясцовых уладах у Беларусі. Гэта адно з нашых прыярытэтных напрамкаў для ўсіх дэмакратычных сіл, якія змагаюцца за змены», — дадаў ён.
У сваім выступленні палітык адзначыў, што працягваецца праца над праектам АПК «Кадравы рэзерв для Новой Беларусі», у межах якога пры падтрымцы еўрапейскіх краін ствараецца магчымасць падрыхтоўкі новых патэнцыйных кадраў. Ён таксама адзначыў, што ў Польшчы рэалізуецца праект «Новыя кадры для Новой Беларусі», дзе ўжо падрыхтавана каля 100 будучых патэнцыйных беларускіх дыпламатаў.
«Выбары, якія прайшлі ў Каардынацыйную Раду, — гэта прыклад прамой дэмакратыі з выкарыстаннем электронных тэхналогій. Дэмакратычны рух за мяжой здолеў беспрэцэдэнтна гэта арганізаваць. Гэта празрыстасць, тэхналогіі і е-дэмакратыя. Мы ганарымся тым фактам, што ў нас гэта атрымалася. Мы плануем праводзіць наступныя выбары, на якіх беларусы змогуць галасаваць, а не проста прысутнічаць», — заявіў ён.
Латушка падзякаваў Кангрэсу за фармалізаванае рашэнне ад 15 снежня працягнуць мандат дэлегацыі беларускіх дэмсілаў.
«Гэта для нас вельмі важна і матывуе да далейшай працы. Хацеў бы падзякаваць за “зялёнае святло” на ўдзел прадстаўнікоў Каардынацыйнай Рады ў назіранні за мясцовымі выбарамі ў краінах — членах Савета Еўропы. Гэта будзе для нас унікальны досвед, які мы зможам пераняць для будучых дэмакратычных выбараў у Беларусі. 12 прынцыпаў незалежнага дэмакратычнага кіравання Савета Еўропы мы, безумоўна, закладваем у аснову нашай працы. І гэтыя прынцыпы — наша будучыня, над якой мы будзем мэтанакіравана працаваць», — адзначыў ён.
Нагадаем, у лютым 2025 года Кангрэс мясцовых і рэгіянальных уладаў Савета Еўропы запрасіў Каардынацыйную Раду сфармаваць дэлегацыю для ўдзелу ў сваіх сесіях.