Камітэт Сейма па замежных справах ухваліў падаўжэнне да 2028 года дзеючых нацыянальных санкцый супраць грамадзян Расіі і Беларусі, аднак палічыў іх недастатковымі і вырашыў звярнуцца да ўрада з просьбай падрыхтаваць новы, больш жорсткі законапраект. Пра гэта піша LRT са спасылкай на BNS.
Кансерватары прапанавалі ўраўняць санкцыі для грамадзян абедзвюх краін: прыпыніць для беларусаў, як і для расіян, выдачу новых відаў на жыхарства, абмежаваць паездкі ў Беларусь і Расію, дазволіць набыццё нерухомасці толькі пастаянным жыхарам Літвы і забараніць куплю нерухомасці паблізу стратэгічных аб’ектаў. Камітэт не стаў наўпрост ухваляць гэтыя ініцыятывы, паколькі паводле закона толькі ўрад мае права ініцыяваць абмежавальныя меры.
КІД дамовіўся пакуль не ўхваляць гэтыя прапановы, паколькі згодна з Законам аб санкцыях урад мае выключнае права ініцыяваць магчымыя абмежаванні, парламентарыі гэтага рабіць не могуць. Аднак урад папросяць самастойна ацаніць прапановы і падрыхтаваць новы законапраект.
«Трэба адзін раз сесці і пачаць гаварыць пра небяспеку, якую Беларусь уяўляе для Літвы», – заявіў кансерватар Аўдронюс Ажубаліс.
Яго калега па фракцыі Міндаўгас Лінге адзначыў, што з пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну грамадзяне Расіі і Беларусі набылі нерухомасць паблізу стратэгічных аб’ектаў, аэрапортаў і палігонаў. Паводле яго слоў, дэпартамент дзяржаўнай бяспекі не кантралюе гэтыя здзелкі, паколькі закон яго да гэтага не абавязвае.
«Далей не рабіць гэтага было б злачыннай халатнасцю з пункту гледжання нацыянальнай бяспекі», — заявіў ён.
