Камандзір РДК Капусцін жывы. Яго «гібель» аказалася спецаперацыяй ГУР Украіны

Армія
Скриншот видео ГУР

Дзяніс Капусцін, камандзір Рускага добраахвотніцкага корпуса (РДК), які ваюе ва Украіне супраць Расіі, жывы, а ўкраінская разведка атрымала ад расійскіх спецслужбаў 500 тысяч долараў, прызначаных для ліквідацыі Капусціна.

Як паведамляе Галоўнае ўпраўленне разведкі Міністэрства абароны Украіны, забойства Капусціна замовілі расійскія спецслужбы і выдзелілі на гэта паўмільёна долараў.

«У выніку комплекснай спецыяльнай аперацыі ГУР МА Украіны, якая доўжылася больш за месяц, захавана жыццё камандзіра РДК Дзяніса Капусціна, якога расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін лічыць асабістым ворагам, а таксама ўстаноўлена кола асоб — заказчыкаў злачынства ў расійскіх спецслужбах і выканаўцаў», — паведамляе ГУР.

«Нашым бокам таксама была атрымана адпаведная сума сродкаў, выдзеленая расійскімі спецслужбамі для рэалізацыі дадзенага злачынства. На дадзены момант камандзір РДК знаходзіцца на тэрыторыі Украіны і рыхтуецца працягнуць выкананне пастаўленых задач», — заявіў камандзір «Спецпадраздзялення Цімура».

Капусцін на сустрэчы з кіраўніком ГУР Кірылам Буданавым далажыў пра гатоўнасць працягнуць выкананне баявых задач.

Пра гібель Капусціна 24 снежня заявіў РДК. Паведамлялася, што ён загінуў пры ўдары FPV-дрона, выконваючы баявую задачу на Запарожскім кірунку.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.

Апошнія навіны