Каардынацыйная рада, уключаючы прадстаўнікоў Офіса Святланы Ціханоўскай і Аб’яднанага пераходнага кабінета, прыняла заяву аб прынцыпах недыскрымінацыі.
Дакумент замацоўвае прыхільнасць роўнасці, свабодзе, чалавечай годнасці і вяршэнству права, а таксама фармулюе прынцыпы, якія, як заяўляецца, будуць вызначаць будучую дзяржаўную палітыку і інстытуцыйныя рэформы пасля дэмакратычнага пераходу. Падкрэсліваецца, што недыскрымінацыя і роўнасць павінны не толькі абвяшчацца, але і актыўна ўкараняцца ў бягучую палітыку і дзейнасць дэмакратычных сіл.
У заяве пазначаны восем ключавых прынцыпаў:
- прызнанне разнастайнасці і інклюзіўнасці;
- інтэграцыя міжнародных і еўрапейскіх стандартаў правоў чалавека;
- выяўленне і ліквідацыя структурнай дыскрымінацыі;
- вызначэнне канкрэтных і вымяральных мэтаў;
- забеспячэнне каардынаванага падыходу на ўсіх узроўнях улады;
- удзел зацікаўленых супольнасцяў і празрыстасць;
- распрацоўка палітыкі на аснове дакладных даных;
- эфектыўны маніторынг і ацэнка выканання планаў.
Прапанова аб прыняцці дакумента паступіла ад міжнароднай камісіі КС. У галасаванні прыняў удзел 41 дэлегат: 37 – «за», 1 – «супраць», 3 – «устрымаліся». Паводле вынікаў галасавання па фракцыях: «Каманда Латушкі і Рух “За Свабоду» – 15 з 28, «Беларусы» – 3 з 12, «Незалежныя беларусы» – 2 з 8, «Еўрапейскі выбар» – 8 з 8, «Моладзевы наступ» – 4 з 8, «Наша справа / Беларускія хрысціянскія дэмакраты» – 3 з 6, «Хопіць баяцца» – 3 з 3, пазафракцыйныя дэлегаты – 3 з 5.
