Электробусы могуць звязаць Мінск з Фаніпалем і Смалявічамі

Навіны
Фото: БКМ

Электробусы могуць звязаць Мінск з Фаніпалем і Смалявічамі. У “БКМ Холдынгу” гатовы ўдзельнічаць у праекце. Пра гэта распавёў намеснік гендырэктара прадпрыемства па інавацыйным развіцці Алег Быцко.

“Мы паставілі электробусы ў Шклоў – яны эксплуатуюцца як у горадзе, так і ў прыгарадзе. І мы паставілі 26 сачлененых электробусаў у Наваполацк, дзе таксама адбываецца іх эксплуатацыя. У планах развіцця менавіта прыгараднай сувязі за кошт укаранення электробусаў – на сённяшні момант абмяркоўваецца запуск электробуснага руху паміж Мінскам і Фаніпалем, Мінскам і Смалявічамі. Мы чакаем рашэння па гэтых пытаннях і гатовы прадаставіць неабходную тэхніку”, – сказаў ён, перадае БелТА.

Нагадаем, раней урад рэалізаваў пілотныя праекты па пераводзе на электратранспарт Жодзіна, Шклова і Наваполацка. Мінтранс разам з Мінпрамам да 15 лютага 2026 года павінен быў прадставіць у Савет міністраў справаздачу аб выкананні праекта з рэкамендацыямі па далейшай рэалізацыі ў іншых рэгіёнах.

Паводле слоў Быцко, для прыгараднага руху холдынг распрацаваў спецыяльны электробус.

“У мінулым годзе мы распрацавалі і вырабілі новы від транспарту для нас і для Рэспублікі Беларусь – гэта прыгарадны электробус. Чатыры такія электробусы мы рэалізавалі для нашай Беларускай атамнай электрастанцыі – для перавозкі пасажыраў з Астраўца на атамную станцыю і назад. Гэты электробус адрозніваецца ад гарадскіх электробусаў тым, што ён выкананы па больш жорсткіх патрабаваннях, мае мяккія сядзенні, трохкропкавыя рамяні бяспекі, забяспечваецца большая трываласць кузава. Хуткасць электробуса – 90 км/г, у адрозненне ад гарадскіх, у якіх 60 км/г”, – сказаў ён.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.