Эксперты MacroBy палепшылі прагноз росту беларускай эканомікі

Галоўнае
Фото: Towfiqu barbhuiya /Unsplash.com

ВУП Беларусі ў 2026 годзе вырасце ў межах 1,5–2,5% і перавысіць па выніках года 100 млрд долараў. Эксперты MacroBy апублікавалі новую версію макраэканамічнага прагнозу ў рамках маніторынгу эканомікі Беларусі.

Ацэнка росту ВУП павышана ў параўнанні з пачаткам года. Тады ў MacroBy меркавалі, што эканоміка вырасце ў межах 0,5–1,5%.

“Эканоміка паскорылася прыкладна на 3% г/г у II кв. 2026 г. (пасля зніжэння на 0,2% г/г у I кв.) і захавае гадавыя тэмпы каля 2–3% г/г у другім паўгоддзі. Гэтаму будуць спрыяць мяккая эканамічная палітыка, дырэктыўнае стымуляванне інвестыцый, умеранае аднаўленне попыту ў Расіі і дзеянне спецыфічных фактараў (перш за ўсё спрыяльныя ўмовы гандлю і высокія аб’ёмы перапрацоўкі давальніцкай нафты).

Стан унутранага попыту застаецца незбалансаваным, што ў спалучэнні з уразлівасцю эканомікі да знешніх шокаў спараджае валацільнасць выпуску і перыядычную патрэбу ў дырэктыўным умяшанні для ліквідацыі дысбалансаў”, — гаворыцца ў прагнозе.

У 2027 годзе рост ВУП запаволіцца да 1,5% пры ўмове нейтральнай бюджэтнай палітыкі і вычарпання спецыфічных фактараў.

Нагадаем, прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця, зацверджаны ўказам Лукашэнкі, прадугледжвае на гэты год рост на 2,8%. ЕАБР у нядаўнім прагнозе ацаніў рост беларускай эканомікі сёлета ў 1,3%, МВФ — у 1,2%, ЕБРР — у 1,1%.

У MacroBy чакаюць, што інфляцыя па выніках гэтага года складзе 5–6%, а ў наступным дасягне 6–7%. Асноўнымі фактарамі будуць цэнавы кантроль і курс рубля, блізкі да раўнаважнага.

“Строгі кантроль цэн пры мяккасці эканамічнай палітыкі вядзе да назапашвання інфляцыйнага навесу, які звужае прастору для манеўру ў выпадку пагаршэння знешняга асяроддзя”, — папярэдзілі аўтары прагнозу.

Сярэдні намінальны налічаны заробак сёлета складзе каля 3043 рублёў, а ў 2027 годзе — 3396 рублёў, ён устойліва перавысіць 1000 долараў.

Адзначаецца, што нявызначанасць прагнозу застаецца высокай, у першую чаргу праз нестабільнасць знешніх умоў.

У MacroBy таксама назвалі асноўныя рызыкі для прагнозу. Першая звязана з санкцыямі. Змены ў санкцыйных рэжымах могуць быць як негатыўнымі, так і пазітыўнымі. Пры гэтым негатыўныя змены могуць уплываць на Беларусь не толькі непасрэдна, але і ўскосна.

“Паслабленне санкцыйнага рэжыму ў дачыненні да Беларусі і Расіі пры прагрэсе ва ўрэгуляванні ваенна-палітычнай сітуацыі ў рэгіёне таксама магчымае. Больш верагодным застаецца змякчэнне санкцый ЗША, што можа знізіць трансакцыйныя выдаткі і ўмерана станоўча паўплываць на бізнес-клімат у краіне”, — гаворыцца ў прагнозе.

Дынаміка эканомікі Расіі таксама будзе ўплываць на рост беларускага ВУП. Нулявы рост у РФ па выніках гэтага года будзе азначаць, што і ВУП нашай краіны не вырасце больш чым на 1,5%.

“Працягласць і маштаб перапрацоўкі давальніцкай нафты беларускімі НПЗ таксама не ясныя. Дзеянне гэтых схем аказала прыкметны станоўчы эфект на рэнтабельнасць і рост заробкаў у прамысловасці краіны ў цэлым, дазволіла істотна нарасціць прафіцыт знешняга гандлю паслугамі і шмат у чым кампенсаваць дэфіцыт у таварным сегменце. Працяг гэтых схем на 2027 г. можа, пры іншых роўных умовах, часова спрыяць некалькі больш высокаму росту ВУП, больш моцнаму рублю і меншай інфляцыі ў параўнанні з базавым сцэнарыем”, — адзначаецца ў прагнозе.

Таксама аказаць уплыў на дынаміку ВУП могуць змены ўмоў гандлю энерганосьбітамі з Расіяй і расійскай фінансавай падтрымкі.

Рызыку ўяўляе назапашванне інфляцыйнага навесу. У выпадку аслаблення рэгулявання пад уплывам знешніх або ўнутраных прычын магчыма паскарэнне інфляцыі да 8–10%.

Базавы сцэнар прагнозу прадугледжвае, што эканоміка РФ вырасце сёлета на 0,8%, а ў наступным паскорыцца да 1,5%. Санкцыйны рэжым у дачыненні да Беларусі не зменіцца, лагістычныя ланцужкі не будуць парушаныя. Беларусь павялічыць даходы ад экспарту калійных угнаенняў як за кошт павелічэння аб’ёмаў да 12–12,5 млн т, так і за кошт росту цэн.

У выніку даходы складуць 3,5–4 млрд долараў у 2026–2027 гадах. Беларусь будзе атрымліваць нафту і газ з РФ па цэнах ніжэйшых за сусветныя. Экспарт нафтапрадуктаў складзе каля 8 млн т. Яшчэ дадатковыя 4–5 млн т могуць быць пастаўлены ў РФ па давальніцкім механізме.

Эксперты MacroBy палепшылі прагноз росту беларускай эканомікі

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.