Яшчэ 8 чалавек прызнаныя палітвязнямі ў Беларусі

Навіны
Фото: unsplash.com

Беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 8 чалавек. Гэта Дзмітрый Вялаў, Андрэй Сяргееў, Алег Сцефановіч, Андрэй Латышэвіч, Варвара Латышэвіч, Ігар Сутырка, Таццяна Корсакава і Дзмітрый Корсакаў. Колькасць палітвязняў на 30 чэрвеня дасягнула 863 чалавек, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Дзмітрый Вялаў прысуджаны да 4 гадоў калоніі паводле арт. 130, 367, 361-4 Крымінальнага кодэкса па абвінавачанні ў садзейнічанні экстрэмісцкаму фармаванню, распальванні іншай сацыяльнай варожасці і паклёпе на Лукашэнку.

Андрэй Сяргееў прысуджаны да пазбаўлення волі паводле арт. 361-3 ч. 1 і 361-4 КК за ўдзел у абароне Украіны ад расійскай агрэсіі і садзейнічанне «экстрэмісцкаму фармаванню».

Алег Сцефановіч прысуджаны да пазбаўлення волі паводле арт. 243 КК (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў) і паводле арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім).

Ігар Сутырка змешчаны пад варту ў СІЗА па адвольным абвінавачанні ў здрадзе дзяржаве паводле арт. 356 КК.

Таццяна Корсакава і Дзмітрый Корсакаў асуджаныя да 12 і 14 гадоў калоніі адпаведна па абвінавачанні ў здрадзе дзяржаве, незаконным перамяшчэнні праз мяжу і іншых незаконных дзеяннях у дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў паводле арт. 356, 295, 333-1 КК.

Таксама праваабаронцам вядома пра ўзяцце пад варту за праваабарончую дзейнасць па абароне правоў дзяцей, закранутых узброеным канфліктам, па адвольных абвінавачаннях у цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынствах Андрэя Латышэвіча і Варвары Латышэвіч.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.