Іранская студэнтка-стаматолаг Хатэрэ Хадададзі, затрыманая ў Беларусі за каментарыі пра Іран ў адным з тэлеграм-каналаў, дэпартаваная з краіны, але не на радзіму, а ў Арменію. Пра гэта стала вядома ад былой сукамерніцы, якая падзялілася інфармацыяй з праваабарончым цэнтрам «Вясна».
Хадададзі спачатку прысудзілі 14 сутак арышту, аднак пасля заканчэння тэрміну не вызвалілі, пакінуўшы чакаць дэпартацыі. Паводле слоў суразмоўніцы, Грузія адмовілася прымаць студэнтку, асцерагаючыся, што там яе могуць выкрасці іранскія ўлады. У выніку яе дэпартавалі ў Арменію. Пакуль яна знаходзілася ў ізалятары на Акрэсціна, да яе прыязджалі журналісты і здымалі пра яе сюжэт.
Камера, у якой утрымлівалася Хадададзі, плошчай каля 24 квадратных метраў разлічаная на 5 чалавек, аднак часам у ёй знаходзіліся 12 жанчын, частка з якіх спала на падлозе. Паводле слоў былой сукамерніцы, у душ двойчы на тыдзень вадзілі толькі замежніц, беларускім зняволеным гэта не дазвалялася.
Хатэрэ Хадададзі вучылася на медыцынскім факультэце замежных навучэнцаў БДМУ. Яна была заяўленая як удзельніца студэнцкай канферэнцыі ў Мінску 29–30 красавіка з працай «Беласнежная ўсмешка — дар прыроды ці дасягненне медыцыны?».