Сёння падчас публічнага наведвання аднаго з рэстаранаў сеткі МАК.бай (былы Макдональдс) Аляксандр Лукашэнка не змог зрабіць заказ — інтэрактыўны тэрмінал заказу адмовіўся прымаць аплату. У тлумачэнні чыноўнікаў прагучала, што праграмнае забеспячэнне замест арыгінальнага амерыканскага распрацавала беларуская кампанія.
Вікторыя Данько, дырэктар і суўладальніца МАК.бай, зладзіла “экскурсію” Лукашэнку і падвяла да тэрмінала самаабслугоўвання. Там яна паспрабавала зрабіць для Лукашэнкі заказ. Але нешта пайшло не так.
“Гэта вельмі зручнае меню для любога наведвальніка. Глядзіце, тут прадстаўлены бургеры. Ялавічына: бургеры з ялавічыны. Курыца: вы можаце выбраць сабе курыныя. Рыба. Далей звычайна ў нас усё ж такі… Ну, давайце паспрабуем. Зробім вялікі заказ”, — распавяла і паказала Данько.
Лукашэнка рабіў выгляд, што ўпершыню бачыць такі “цуд”.
“То-бок ткнуў пальцам, заплаціў?” — як неафіт задаваў пытанні Лукашэнка і папярэдзіў, што грошай у яго няма.
“Выпадкова” грошы былі ў першага віцэ-прэм’ера Мікалая Снапкова. Але ён чамусьці прагаварыўся, што яны “дамовіліся”, што заплаціць менавіта ён.
З жартамі-прыказкамі ад Лукашэнкі заказ усё ж сфарміравалі і настаў момант аплаты. Снапкоў працягнуў да тэрмінала карту.
“Напэўна, больш з цябе ўзялі, чым… Бачыш, бачыш…” — працягваў спрабаваць жартаваць Лукашэнка.
“Перарвана аперацыя”, — сказаў Снапкоў і стаў разглядаць чэк.
“Перарвана!” — усклікнуў Лукашэнка.
Снапкоў зноў паспрабаваў зрабіць аплату картай.
“Ууу, ты нават не можаш… Навошта ты два разы плаціш! Ты ж за адно…” — працягваў жартаваць Лукашэнка, не разумеючы, што адбываецца.
“Аплачана?” — гучна спытаў у тэрмінала Снапкоў і стаў азірацца па баках.
“Выконваецца яшчэ. Пачакай, можа быць”, — з надзеяй сказаў Лукашэнка.
“Аляксандр Рыгоравіч, пікантнасць у чым. Самая складаная задача была — софт жа быў амерыканскі…” — пачаў мякка тлумачыць першы віцэ-прэм’ер.
“Дык вы ж сваё зрабілі?” — не стрымаўся Лукашэнка.
“Ды ўсё сваё, хлопцы проста [неразборліва]”, — працягнуў Снапкоў і ткнуў пальцам у хлопца за спінай Лукашэнкі.
“Вось за гэта малайцы”, — пахваліў Лукашэнка.
“Дзіма!” — нервова адрэагавала Вікторыя Данько, звяртаючыся да таго ж хлопца.
“Што, зноў не аплачана?! Памылка… Ну ладна, не важна. Мы потым заплацім, не хвалюйся”, — сказаў Лукашэнка і пайшоў са світай далей.
“Вось гэта, вядома, быў подзвіг. Гэта крута. Софт увесь наш…” — працягнуў хваліць працу МАК.бай Снапкоў.
***
Хто ж здзейсніў гэты “подзвіг”?
На відэа ёсць галоўны герой “Дзіма”. Гэта Дзмітрый Храмцэвіч, дырэктар па інфармацыйных тэхналогіях МАК.бай. Ён займаўся ІТ у сетцы рэстаранаў яшчэ тады, калі яна працавала па амерыканскай франшызе — уладкаваўся на працу ў ліпені 2019 года.
Да гэтага год адпрацаваў у аператары Life, тры гады — у Банку развіцця, а затым яшчэ тры гады намеснікам дырэктара ўнітарнага прадпрыемства па аказанні паслуг «БРкансалт».
Дзмітрый вучыўся з 2001 па 2006 гады ў БДУІР, а з 2007 па 2011 атрымліваў дыплом юрыста ў БДУ.

