«Хрысціянская візія»: КДБ трымаў прыхаджан Акалатовіча ў закладніках, каб зламаць яго

Галоўнае
Генрих Околотович. Фото: catholic.by

«Хрысціянская візія» апублікавала новыя падрабязнасці справы каталіцкага святара Генрыха Акалатовіча, вызваленага некалькі месяцаў таму. Паводле інфармацыі рэсурсу, яны сталі вядомыя са слоў былых палітвязняў, якія знаходзіліся побач са святаром у СІЗА і калоніі.

Затрыманне Акалатовіча адбылося на могілках. КДБ выманіў туды святара падманам. Яму патэлефанавалі і паведамілі пра смерць жанчыны, якую трэба пахаваць паводле каталіцкага абраду. Калі святар прыехаў на могілкі пад Валожынам, яго сустрэлі людзі ў цывільным.

«Ён падыходзіць і кажа: а дзе труна, дзе каго хаваць трэба? А яму адказваюць: тут нічога няма, ты прыехаў па іншых задачах», — піша рэсурс.

На ксяндза надзелі кайданкі і чорны шлем на галаву. Адначасова былі затрыманыя двое яго прыхаджан — мужчына і жанчына, якія каля дзевяці месяцаў правялі ў СІЗА КДБ. Ад іх дамагаліся паказанняў пра нібыта сустрэчы ксяндза з замежнымі дыпламатамі.

Следчы казаў наўпрост: «Калі б вы любілі сваю паству, вы б падпісалі прызнальныя паказанні. А так яны праз вас сядзяць».

За Акалатовічам да таго часу ўжо доўга вялося вонкавае назіранне, а ў яго плебаніі ў Валожыне і ў бацькоўскім доме ў вёсцы Новая Мыш была ўсталяваная кругласутачная праслухоўка — але нічога, што даказвала б шпіянаж, знайсці не ўдалося.

Акалатовіча абвінавацілі ў тым, што ён нібыта нейкім чынам перанакіраваў самалёты расійскіх і беларускіх ВПС і нанёс шкоду на мільён еўра. Пры затрыманні ў яго канфіскавалі каля 270 тысяч еўра — пераважна сродкі парафіі. Гэтая сума была залічаная ў кошт доўгу, рэшту прад’явілі да выплаты ў беларускіх рублях.

Паводле інфармацыі аўтараў, да працэсу прыцягнулі экспертаў з Акадэміі нацыянальнай бяспекі, усе яны выступалі ананімна, пад выдуманымі пашпартнымі данымі.

“Самі ж супрацоўнікі КДБ, прыязджаючы да ксяндза ў калонію, не хавалі абсурднасці таго, што адбываецца. «Вы самі разумееце, што вы да гэтых самалётаў і мільёна еўра маеце такое ж дачыненне, як я да балета», — казалі яны. І тут жа прад’яўлялі паперы на подпіс.

Следчы — паводле ўспамінаў вызваленага палітвязня, падпалкоўнік КДБ, прозвішча якога ён успамінае з цяжкасцю («нешта накшталт Марата Казея», — кажа ён, маючы на ўвазе вядомага беларускага піянера-героя), — фармуляваў логіку сістэмы яшчэ больш адкрыта: «Мы б на самога Ісуса Хрыста за паўгадзіны справу завялі», — піша рэсурс.

Аўтары мяркуюць, што гаворка, хутчэй за ўсё, ідзе пра Аляксандра Уладзіміравіча Казеева, 38-гадовага следчага КДБ, які, як мяркуецца, вёў справу Генрыха Акалатовіча.

Умовай вызвалення КДБ прапанаваў правакацыю. Паводле задумы, вярнуўшыся дадому, святар павінен быў незаўважна перадаць апостальскаму нунцыю Ватыкана флэшку з кампраматам, каб стварыць падставу для дыскрэдытацыі дыпламата. Гаворка ішла пра часы, калі нунцыем у Беларусі быў Антэ Ёзіч. Аналагічныя сцэнарыі, як паведамляецца, прапаноўваліся ў дачыненні да іншых замежных дыпламатаў — найперш польскіх. Ксёндз адмовіўся ад усяго.

«Я ўвесь прасякнуты царкоўнымі Божымі задачамі. А тое, што вы ад мяне патрабуеце, — гэта злачынства. Я Бога не магу здрадзіць», — перадае яго словы сукамернік.

Перад вызваленнем аднаго з палітвязняў Акалатовіч папрасіў яго: «Прыкладайце намаганні, каб сродкі масавай інфармацыі ўсё гэта даведаліся. (…) Гэта адзіны ціск, які можна рабіць».

Сам Акалатовіч маўчыць. Як піша «Хрысціянская візія», такой была ўмова яго вызвалення.

Таксама рэсурс расказаў падрабязнасці справы ксяндза Анджэя Юхневіча. Размаўляць з ім у калоніі амаль не дазвалялі праз прысвоены «нізкі статус», ён быў фактычна ізаляваны. Паводле ўспамінаў палітвязня, абвінавачанне супраць Юхневіча грунтавалася на эпізодзе дзесяцігадовай даўніны. Ксёндз, які служыў у Шуміліне, падчас аднаго з выездаў дадому на Гарадзеншчыну прайшоўся ўвечары па вуліцы з мясцовай дзяўчынай. Ні тады, ні пасля ніякіх скаргаў у курыю яна не падавала. Пад прымусам дзяўчына дала паказанні пра дамаганні і спробу гвалту, аднак у суд не з’явілася «ў мэтах бяспекі». Паводле інфармацыі аўтараў, прысуд вынеслі выключна на падставе яе заявы — без сведкаў, панятых і медыцынскіх заключэнняў.

Нагадаем, у снежні 2024 года Генрыха Акалатовіча прыгаварылі да 11 гадоў пазбаўлення волі паводле артыкула аб здрадзе дзяржаве, абвінаваціўшы ў «шпіянажы на карысць Польшчы і Ватыкана». Прысуд Анджэю Юхневічу вынеслі ў красавіку 2025 года. Ён быў асуджаны да 13 гадоў калоніі. Летась святару далі 15 сутак за бел-чырвона-белы і ўкраінскі сцягі ў фэйсбуку, а затым яшчэ некалькі тэрмінаў арышту. На волю пасля гэтага ён так і не выйшаў.

Генрых Акалатовіч і Анджэй Юхневіч былі «памілаваныя» паводле рашэння Лукашэнкі ў лістападзе мінулага года. Пасля вызвалення яны выехалі ў Рым.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.