У праекце дзяржпраграмы ўзбраення на новую пяцігодку вызначаны сем прыярытэтаў. Пра гэта пасля нарады ў Аляксандра Лукашэнкі паведаміў міністр абароны Віктар Хрэнін.
Сярод прыярытэтаў ён назваў сродкі радыёэлектроннай барацьбы, разведкі, сувязі, контрбатарэйнай барацьбы, малой супрацьпаветранай абароны.
“Галоўнакамандуючы не раз казаў, што мы жывём на лясіста-балотнай мясцовасці і павінны ўмець яе абараняць. У аснове ўсё роўна застаецца развіццё стралковай зброі, падрыхтоўка нашых вайскоўцаў, іх аснашчэнне”, — дадаў ён.
Паводле слоў Хрэніна, Лукашэнка пагадзіўся з падыходамі ўрада і вайскоўцаў.
“Да 2030 года плануецца істотна павялічыць працэнт айчынных відаў узбраення ў рамках як дзяржабаронзаказу, так і дзяржпраграмы ўзбраення. І, вядома, будзем працаваць над скарачэннем тэрмінаў вытворчасці дадзеных вырабаў у інтарэсах не толькі Узброеных Сіл, але і іншых воінскіх фарміраванняў”, — заявіў старшыня Дзяржкамваенпрама Дзмітрый Пантус.
Паводле яго слоў, беларускі ВПК сёння не толькі забяспечвае патрэбы арміі, але і вядзе экспарт у 60 краін свету.
“У рамках новай, ужо чацвёртай праграмы ракетабудавання запланаваныя вельмі сур’ёзныя мерапрыемствы, якія датычацца як мадэрнізацыі ўжо існых і прынятых на ўзбраенне комплексаў айчыннай і замежнай вытворчасці, так і стварэння новых тыпаў ракет, боепрыпасаў і новых комплексаў”, — дадаў Пантус.
Ён адзначыў, што гаворка ішла ў тым ліку пра новы зенітна-ракетны комплекс блізкага дзеяння айчыннай вытворчасці.
“Не трэба гнацца за нейкімі ультрабеспілотнікамі, таму што гэта бесперапынная барацьба — РЭБ і беспілотнікі. Мы ў першачарговым парадку распрацоўваем і вырабляем тое, што насамрэч будзе неабходна. Заўсёды трэба знаходзіць залатую сярэдзіну”, — апісаў падыходы старшыня Дзяржкамваенпрама.