Фінансаванне дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця складзе 6,9 млрд рублёў

Навіны
Фото: Unsplash.com

Фінансаванне дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця складзе 6,9 млрд рублёў. Сёння на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікаваны ўказ №448 ад 21 снежня, якім была зацверджаная праграма.

У структуры фінансавання прадугледжаны наступныя крыніцы:

  • 1,285 млрд рублёў — сродкі рэспубліканскага бюджэту, у тым ліку 1,193 млрд рублёў — сродкі рэспубліканскага цэнтралізаванага інавацыйнага фонду;
  • 1,4 млрд рублёў — сродкі мясцовых інавацыйных фондаў;
  • 656,57 млн рублёў — уласныя сродкі арганізацый;
  • 1,44 млрд рублёў — крэдытныя рэсурсы;
  • 1,74 млрд рублёў — замежныя інвестыцыі, у тым ліку замежныя крэдыты;
  • 10,25 млн рублёў — сродкі фондаў інавацыйнага развіцця тэхнапаркаў.

У выніку выканання праграмы да 2030 года плануецца, што ўдзельная вага інавацыйна актыўных арганізацый павялічыцца да 45%, аб’ём экспарту навукаёмістай і высокатэхналагічнай прадукцыі дасягне 9 млрд рублёў, з іх рэзідэнтамі тэхнапаркаў — не менш за 2 млрд рублёў.

Дакументам таксама прадугледжаны льготы для арганізацый, якія ўдзельнічаюць у рэалізацыі праектаў праграмы. У ім прапісана вызваленне ад уводных мытных пошлін (з улікам міжнародных абавязацельстваў Беларусі) і ПДВ тэхналагічнага абсталявання, камплектуючых і запасных частак да яго, а таксама сыравіны і матэрыялаў, якія ўвозяцца для выключнага выкарыстання на тэрыторыі Беларусі з мэтай рэалізацыі праекта праграмы. Льгота прадастаўляецца на час рэалізацыі праекта.

Таксама прадугледжана вызваленне ад зямельнага падатку і арэнднай платы за зямельныя ўчасткі, якія выкарыстоўваюцца для ўзвядзення аб’ектаў будаўніцтва, прадугледжаных праектам праграмы.

Выканаўцу праекта дзяржаўнай праграмы таксама дазволена ўключаць у выдаткі інвестыцыйны вылік у памеры не больш за 150% ад:

  • першапачатковага кошту асноўных сродкаў, набытых (створаных) у межах рэалізацыі праекта;
  • сфарміраванага ў бухгалтарскім уліку кошту ўкладанняў у асноўныя сродкі, якія выкарыстоўваюцца ў межах рэалізацыі праекта, у сувязі з іх рэканструкцыяй, мадэрнізацыяй, рэстаўрацыяй.

Савет міністраў павінен на працягу трох месяцаў вызначыць пералік рэспубліканскіх праектаў і мерапрыемстваў дзяржаўнай праграмы, план-графік іх рэалізацыі і аб’ёмы фінансавання, а таксама мэтавыя паказчыкі для дзяржаўных органаў і комплекс мерапрыемстваў па развіцці нацыянальнай інавацыйнай сістэмы да 2030 года.

ДКНТ у той жа тэрмін павінен вызначыць пералік лакальных аб’ектаў, планы-графікі іх рэалізацыі і аб’ёмы фінансавання.

Ва ўказе прапісаны пяць прыярытэтных напрамкаў інавацыйнай дзейнасці, а таксама агульная тэматыка праектаў, якія будуць рэалізоўвацца ў межах кожнага з прыярытэтаў. У пералік прыярытэтаў увайшлі:

  • лічбавыя тэхналогіі і штучны інтэлект;
  • інавацыйныя тэхналогіі ў прамысловасці;
  • біялагічныя, хіміка-фармацэўтычныя і медыцынскія тэхналогіі;
  • інавацыйныя тэхналогіі ў аграпрамысловым комплексе і харчовай прамысловасці;
  • навуковае і навукова-тэхнічнае забеспячэнне бяспекі чалавека, грамадства і дзяржавы.
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.

Апошнія навіны