Секцыя знешніх сувязяў Еўрапейскага эканамічнага і сацыяльнага камітэта правяла дэбаты, прысвечаныя трывожнаму пагаршэнню сітуацыі з прафсаюзнай свабодай у Беларусі.
“Нягледзячы на пастаянны міжнародны ціск і прызначэнне спецыяльнага пасланніка Міжнароднай арганізацыі працы ў чэрвені 2025 года, беларускія ўлады працягваюць адмаўляцца ад любога дыялогу, накіраванага на аднаўленне выканання асноўных працоўных нормаў. Каля дваццаці прафсаюзных дзеячаў застаюцца ў зняволенні”, – адзначаецца ў паведамленні.
На мерапрыемстве выступіў былы палітвязень, старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук. У мінулым годзе ён быў вызвалены і высланы з Беларусі. У сваім выступленні ён акцэнтаваў увагу на прававым становішчы былых палітвязняў у краінах ЕС, якія адчуваюць цяжкасці з легалізацыяй свайго статусу і доступам да асноўных правоў. Многіх высылаюць без дакументаў. Ён папярэдзіў, што Беларусь стала «адной з дзесяці самых небяспечных краін для работнікаў і прафсаюзных дзеячаў», адзначыўшы, што ўлады фактычна ліквідавалі астатнія свабоды прафсаюзнага руху ў 2022 годзе праз турэмныя зняволенні і рэпрэсіі.
«Нягледзячы на некалькі вызваленняў палітычных апанентаў, сітуацыя застаецца складанай. Акрамя затрымання людзей, з’явіліся і новыя формы рэпрэсій, такія як адабранне дзяцей з сем’яў пераследаваных прафсаюзных дзеячаў», – канстатаваў старшыня секцыі Стэфана Пальміеры.
Спецыяльны пасланнік МАП па Беларусі Леліа Бентэс Карэа адзначыў, што беларускія ўлады не спяшаюцца ўступаць з ім у дыялог.
«Беларускія ўлады да гэтага часу адмаўляюцца прызнаць мой мандат або ўступаць у дыялог. На сённяшні дзень каля дваццаці прафсаюзных дзеячаў застаюцца ў зняволенні, а іх сем’і працягваюць падвяргацца запалохванню і ціску», — заявіў ён.
Нагадаем, у 2023 годзе Міжнародная арганізацыя працы прымяніла артыкул 33 свайго статута ў дачыненні да Беларусі. Дзяржавы-члены МАП закліканы прыняць меры, уключаючы абмежаванне гандлю, фінансавага і тэхнічнага супрацоўніцтва, каб прымусіць Беларусь выканаць рэкамендацыі Камісіі па расследаванні адносна парушэнняў канвенцый аб свабодзе асацыяцый.
Як адзначаецца ў прэс-рэлізе, па выніках дыскусіі ўдзельнікі прыйшлі да высновы, што мэты застаюцца ранейшымі: дамагчыся вызвалення ўсіх зняволеных прафсаюзных дзеячаў, аднавіць свабоду асацыяцый і ўзнавіць незалежныя прафсаюзы ў Беларусі.
