Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі паслядоўна праходзіць па буйных лагістычных аператарах краіны, піша «Наша Ніва».
Паводле інфармацыі выдання, толькі за апошнія два тыдні ператрусы і арышты пракаціліся па офісах кампаній «Proliv», «Тэлс Глобал», «ВестТрансЛайн», «Интертрансавто» і шэрагу іншых. Візіты адбываюцца ў стылі “маскі-шоу” з выбітымі дзвярыма, гаворыцца ў матэрыяле. Радавых супрацоўнікаў масава не затрымліваюць, аднак бенефіцыяраў і дырэктараў — арыштоўваюць.
Кампаніям інкрымінуецца ўхіленне ад выплаты падаткаў паводле ч. 3 арт. 243 Крымінальнага кодэкса, якая прадугледжвае ад 5 да 12 гадоў пазбаўлення волі. Кіраўнікам налічваюцца штрафы зыходзячы з памеру меркаванай нядоімкі.
Сцвярджаецца, што ўсё пачалося з праверак кампаніі «Дженти-Спедишн» — першай, да якой у органаў узніклі пытанні на пачатку года. Нібыта яе супрацоўнікі, фактычна знаходзячыся ў Беларусі, працавалі ў інтарэсах яе прадстаўніцтваў у іншых краінах. Перш за ўсё — Расіі і Казахстане.
На думку органаў, калі камерцыйная дзейнасць вядзецца ў Беларусі, а грошы паступаюць у іншыя юрысдыкцыі — гэта падстава для даналічэння падаткаў і крымінальнай справы. Кіраўніцтва «Дженти-Спедишн» прызнала віну і выплаціла дзясяткі мільёнаў штрафу, пасля чаго ДФР распаўсюдзіў гэтую логіку на іншыя кампаніі галіны.