Ахова Светланы Ціханоўскай адпавядае ўзроўню пагрозы, заявіў дарадца прэм’ер-міністра Літвы Альгірдас Дабравольскас.
«Яе ахова забяспечваецца ў адпаведнасці з узроўнем пагрозы. Прэм’ер-міністр арыентуецца на тое, што кажуць ведамствы: які ўзровень пагрозы для яе і якія ведамствы могуць ажыццяўляць ахову. Цяпер, згодна з узроўнем пагрозы, прадугледжана, што паліцэйскай аховы для яе дастаткова», — цытуе Добравольскаса ELTA.
Ён таксама адзначыў, што пазіцыя главы літоўскага ўрада ў адносінах да беларускіх дэмакратычных сіл не змяняецца. Дабравольскас падкрэсліў, што дзверы Літвы адчынены для «сапраўднай» беларускай апазіцыі.
«Мы не бачым прычын, чаму апазіцыя павінна пазбягаць нашай краіны толькі з-за таго, што змянілася служба, якая ахоўвае С. Ціханоўскую», — адзначыў дарадца літоўскага прэм’ера.
Нагадаем, сёння стала вядома, што ахову Святланы Ціханоўскай возьме на сябе літоўская паліцыя. Гэта павінна адбыцца «ў найбліжэйшыя дні». Да гэтага часу аховай Ціханоўскай займалася служба бяспекі кіраўніцтва дзяржавы.