Дакументы на пражыванне ў Польшчы маюць больш за 139 тысяч беларусаў

Галоўнае
Фото: Reform.news

Польскае ўпраўленне па справах замежнікаў апублікавала дадзеныя пра беларусаў, якія пражываюць у Польшчы.

Паводле інфармацыі польскага дзяржаўнага органа, розныя дакументы на права пражывання ў Польшчы па стане на 1 красавіка маюць 139 343 грамадзяніны Беларусі, у тым ліку:

  • 83 971 чалавек мае часовы від на жыхарства,
  • 41 480 чалавек — пастаянны від на жыхарства,
  • 10 203 чалавекі — статус дадатковай абароны,
  • 2253 чалавекі — статус доўгатэрміновага рэзідэнта ЕС,
  • 1028 чалавек — статус бежанца,
  • 417 чалавек — статус часовай абароны,
  • 171 чалавек — іншыя падставы.

Трэба адзначыць, што ў польскім сацстраху пры гэтым зарэгістраваныя больш за 140 тыс. грамадзян Беларусі. Аднак статыстыка Упраўлення па справах замежнікаў не ахоплівае ўладальнікаў працоўных віз.

У мінулым годзе беларусы падалі 52 550 заяў на атрыманне відаў на жыхарства ў Польшчы, за першы квартал гэтага года ад грамадзян Беларусі было атрымана 15 642 заявы.

У гэтым годзе за першы квартал беларусы атрымалі 5926 часовых відаў на жыхарства, 953 пастаянныя віды на жыхарства і 212 статусаў рэзідэнта ЕС. У дачыненні да грамадзян Беларусі было вынесена 846 негатыўных рашэнняў аб легалізацыі ў Польшчы, а разгляд 408 спраў быў спынены. Усяго ж Упраўленне па справах замежнікаў за студзень–сакавік вынесла 8345 рашэнняў па заявах грамадзян Беларусі.

64% відаў на жыхарства беларусам былі выдадзены на падставе працы, 25% — уз’яднання сям’і, 4% — адукацыі, па іншых абставінах — 7%.

Найбольш грамадзян Беларусі пражывае ў Мазавецкім ваяводстве — 54 тыс. чалавек, на другім месцы — Падляшскае (14 тыс.), на трэцім — Ніжнесілезскае (12 тыс.). Далей ідуць Паморскае (11,5 тыс.), Вялікапольскае (11 тыс.), Малапольскае (10 тыс.).

У першым квартале гэтага года ўпраўленне выдала грамадзянам Беларусі 1483 праязныя дакументы (dokument podróży). Усяго ж за 2020–26 год беларусы атрымалі 11 016 такіх дакументаў. Для параўнання, уся Польшча за той жа час выдала 12 663 дакументы. Для грамадзян Беларусі ў Польшчы дзейнічае спрошчаны парадак атрымання гэтага праязнога дакумента.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.