У Беларусі з 1 студзеня даражэюць цыгарэты. Міністэрства па падатках і зборах апублікавала рознічныя цэны на цыгарэты. Раней вытворцы задэкларавалі іх у МПЗ. Таксама ў дакуменце МПЗ з’явіўся новы вытворца.
Гаворка ідзе пра ТАА «Этэрна Прайм». У яго асартыменце Kent, Rothmans, Pall Mall, Lucky Strike, Dunhill. Згодна з данымі рэестра, ТАА «Этэрна Прайм» зарэгістравана 12 сакавіка 2025 года ў Гродне па адрасе вул. Лялевеля, дом 12А. Дадзены будынак знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці, літаральна праз дарогу, ад тытунёвай фабрыкі «Нёман».
Цяпер у дакуменце МПЗ шэсць вытворцаў: ААТ «ГТФ «Нёман», ТАА «Табак-Інвест», ІООО «АЛІДІ-Вест», ТАА «Сентони Про», ТАА «Інтэр Тобакко» і ТАА «Этэрна Прайм».
ААТ «Гродзенская тытунёвая фабрыка «Нёман» павышае цэны на цыгарэты «Мінск» на 35, 45 або 50 капеек у залежнасці ад наймення. Цыгарэты «Прэм’ер» даражэюць на 10–55 капеек, два найменні «Фэст» будуць каштаваць на 35 капеек больш. Цыгарэты Credo даражэюць на 35–60 капеек, Maldiva — на 30 капеек, NZ — на 25–50 капеек, Queen — на 45 капеек, Matrix BLUE — на 35 капеек, portal — на 15–45 капеек.
ТАА «Табак-Інвест» павышае цэны на шэраг найменняў цыгарэт «Карона» — на 30–35 капеек. Цыгарэты MAC даражэюць адразу на 1 рубель, Kalipso — на 1,3 рубля.
«Беларусьгандаль» павышае на 40 капеек цэны на імпартаваныя цыгарэты CHAPMAN, а на 30 капеек — ESSE.
