Ціханоўская: Тое, што адбываецца ў беларускіх турмах, нельга прымаць за норму

Галоўнае
Фото: Офис Тихановской

Тое, што адбываецца ў беларускіх турмах, нельга прымаць за норму. Усе, хто аддаваў і выконваў злачынныя загады, павінны панесці адказнасць. Пра гэта гаворыцца ў звароце Святланы Ціханоўскай да Міжнароднага дня ў падтрымку ахвяр катаванняў.

“Сёння Міжнародны дзень у падтрымку ахвяраў катаванняў. І ў гэтыя дні праваабаронцы праводзяць тыдзень супраць катаванняў. На жаль, у Беларусі яны працягваюцца не тыдні, а гады. Яны сталі часткай сістэмы, часткай жахлівага турэмнага досведу, праз які праходзяць сотні беларусаў і беларусак кожны дзень. І рэжым не трымае гэта ў сакрэце, не хавае за сценамі калоніяў. І калі людзі выходзяць на волю, жах катаванняў бачыць кожны.

Журналістка Ксенія Луцкіна выйшла на волю з пухлінай галаўнога мозгу, якая расла ў зняволенні. Ганна Кандраценка памерла ад раку праз некалькі месяцаў пасля вызвалення. Дыягназ ёй паставілі яшчэ ў турме, але датэрмінова вызваліць дзеля лячэння адмовіліся. І колькі такіх гісторыяў, колькі тых, хто баіцца распавесці свой досвед, тых, хто дагэтуль не можа аднавіцца ад жаху калоніяў.

І цяпер рэжым спрабуе дацягнуцца яшчэ і да людзей за межамі Беларусі. Завочныя прысуды, канфіскацыя маёмасці, ціск на родных. Транснацыянальныя рэпрэсіі сталі працягам той жа сістэмы гвалту.

Не толькі на гэтым тыдні, але і заўсёды трэба называць імёны пацярпелых, распавядаць гісторыі, дапамагаць ім і збіраць сведчанні пра катаванні і іншыя злачынствы рэжыму.

Тое, што адбываецца ў беларускіх турмах, нельга прымаць як норму. Мы павінны памятаць пра гэта і дамагацца, каб кожны, хто аддаваў і выконваў злачынныя загады, панёс адказнасць”, — заявіла яна.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.