Святлана Ціханоўская выступіла на пасяджэнні Камітэта міністраў Савета Еўропы ў Страсбургу, дзе праходзіць яе рабочы візіт. У сустрэчы прынялі ўдзел міністры замежных спраў 46 краін-членаў арганізацыі.
У сваім выступленні палітык падзякавала Савету Еўропы за прынцыповую пазіцыю, уключаючы спыненне супрацоўніцтва з рэжымам і падтрымку дэмакратычных сіл краіны. Яна адзначыла, што стварэнне Кантактнай групы па ўзаемадзеянні з беларускімі дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасцю стала прыкладам для іншых міжнародных структур.
Асобна Ціханоўская падкрэсліла ролю генеральнага сакратара Савета Еўропы Алена Берсэ, які быў узнагароджаны «Крыжам Добрасуседства» ад Аб’яднанага пераходнага кабінета за ўклад у развіццё супрацоўніцтва з дэмакратычнай Беларуссю.
У сувязі з чацвёртай гадавінай пачатку поўнамаштабнай вайны Ціханоўская заявіла, што Украіна змагаецца не толькі за сябе, але і за ўсю Еўропу, у тым ліку за Беларусь. Паводле яе слоў, свабодная і моцная Украіна адкрые шлях і да дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусі.
«Як і ўкраінцы, мы, беларусы, хочам бачыць нашу краіну дэмакратычнай, незалежнай часткай еўрапейскай сям’і, а не “рускага міру”. Як сказаў прэзідэнт Зяленскі на гэтым тыдні, Еўропа — гэта лепшая будучыня і для Украіны, і для Беларусі. Мы падзяляем адны і тыя ж каштоўнасці і змагаемся за агульную будучыню. Гэты шлях няпросты, але я ўпэўненая: з такімі саюзнікамі, як вы, мы пераадолеем усе выпрабаванні», — заявіла лідар дэмсіл.



