Светлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў у Міжнародны дзень салідарнасці, які адзначаецца 20 снежня. Лідарка дэмсілаў падкрэсліла, што для беларусаў салідарнасць стала часткай паўсядзённага жыцця і ўзаемнай падтрымкі.
«Беларуская салідарнасць заўсёды здзіўляе і натхняе. Калі мы бачым боль або патрэбу, нашы людзі аб’ядноўваюцца адразу — без слоў і заклікаў. Я захапляюся кожным, хто знаходзіць час і сілы дапамагчы іншаму. Менавіта так будуецца краіна, у якой хочацца жыць», — заявіла яна.
Офіс Ціханоўскай апублікаваў серыю кейсавых картак, якія ілюструюць, што такое салідарнасць для беларусаў.
«Для беларусаў салідарнасць — гэта не проста слова. Гэта дзеянні, якія мы здзяйсняем кожны дзень, калі бачым патрэбу, чужы боль або несправядлівасць. Найчасцей гэта тое, што мы робім і нават не звяртаем на гэта ўвагі. Таму сёння — найлепшы дзень успомніць пра беларускую салідарнасць і нагадаць адно аднаму, што менавіта яна трымае нас разам і дае надзею», — адзначаюць прадстаўнікі Офіса.









