Церцель заявіў пра канфіскацыю Лонданам беларускіх актываў на 1,5 млрд долараў

Старшыня КДБ Іван Церцель пасля дакладу Аляксандру Лукашэнку выказаў шэраг прэтэнзій Літве і Вялікабрытаніі.

Церцель паўтарыў тэзіс беларускай прапаганды, што ўвядзенне санкцый супраць Мінска з’яўляецца парушэннем Будапешцкага мемарандума.

“Дэградацыя міжнароднага права пачалася, паводле нашых ацэнак, у тым ліку з абнулення так званых вядомых Будапешцкіх пагадненняў. Беларусі былі дадзены гарантыі з боку ЗША, прамыя гарантыі Лондана, Парыжа пра тое, што не будуць ужытыя ніякія санкцыі, у тым ліку эканамічныя. Мы памятаем, што такое пагадненне праіснавала фактычна вельмі нядоўга, і санкцыйны рэжым быў абсалютна незаконна ўжыты супраць Беларусі насуперак”, — сказаў ён.

Таксама ён пералічыў прэтэнзіі ў адрас Літвы. Частку з іх ужо агучваў сам Лукашэнка.

“Гэта фактычна канфіскацыя нашых актываў у порце Клайпеды. Праблемы з нашым санаторыем, дзе лечацца дзеці, пацярпелыя ад Чарнобыльскай катастрофы, у Друскінінкаі. Арышт пажарнай і іншай тэхнікі, якая была закупленая іншымі краінамі ў інтарэсах забеспячэння грамадскай бяспекі”, — сказаў ён.

Вялікабрытанію Церцель абвінаваціў у канфіскацыі беларускіх актываў.

“Гэта меры, якія Вялікабрытанія рэалізавала ў дачыненні да золатавалютных актываў Беларусі. Калі, я падкрэслю, у 2020 годзе Лонданам было прынята рашэнне — абсалютна незаконнае — фактычна аб канфіскацыі нашых ЗВР, якія на сённяшні дзень ацэньваюцца ў 1,5 млрд долараў.

Абсалютна незаконнае рашэнне, якое цяпер з’яўляецца адпраўной кропкай для разваг многіх арабскіх дзяржаў, краін СНД: укладваць у англійскую эканоміку ці не ўкладваць? На жаль, такая практыка працягваецца, і мы лічым гэта прамым крадзяжом, прыкладам для іншых, як не трэба рабіць”, — сказаў ён.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.

Апошнія навіны