Кіраўнік КДБ Іван Церцель заявіў пра кантакты з Польшчай на ўзроўні МЗС і спецслужбаў, вострыя праблемы і чаканне сустрэчных крокаў з боку Варшавы.
Церцель выказаў упэўненасць, што Беларусь і Польшча дасягнуць выніку на перамовах, але хоча, каб польскі бок прымусіў сваіх саюзнікаў выканаць абавязацельствы, піша БелТА.
«З Польшчай у нас ідзе дыялог. Я б сказаў, што мы дасягнем выніку. Трэба, каб польскі бок, скажам так, стымуляваў некаторых сваіх саюзнікаў выканаць свае саюзніцкія абавязацельствы. У нас такое разуменне ёсць, у іх таксама разуменне ёсць. Праца цяжкая, сур’ёзная праца», — расказаў ён пасля дакладу Аляксандру Лукашэнку.
Паводле слоў Церцеля, Польшча нібыта ўсведамляе, што рабіла «няправільныя крокі» ў адносінах з Беларуссю.
«Таму мы ўсё ж назіраем пэўнае ўсведамленне тых няправільных крокаў, якія былі зробленыя папярэднім польскім кіраўніцтвам. Звязаныя з закрыццём межаў, спробамі ціску, пытаннямі міграцыі і іншымі рэчамі — эканомікай, транзітам тавараў, людзей праз нашу тэрыторыю», — заявіў ён.
Кіраўнік КДБ адзначыў, што Беларусь і Польшча ніколі не перапынялі дыялог, кантакты на ўзроўні МЗС ішлі заўсёды, а цяпер перайшлі ў больш актыўную фазу. Таксама ёсць кантакты паміж спецслужбамі.
«Заўсёды знаходзяцца пункты судакранання, і мы можам адкрыта гэтыя пытанні абмяркоўваць. Так, па лініі спецслужбаў таксама маюцца кантакты з польскім бокам, у ходзе якіх абмяркоўваюцца найбольш вострыя пытанні. Мы, вядома, па даручэнні кіраўніка дзяржавы працуем у гэтым кантэксце шчыльна з нашымі калегамі з Міністэрства замежных спраў. Настрой, зноў жа, нам задае кіраўнік дзяржавы», — расказаў Церцель.
Ён падкрэсліў, што Беларусь некалькі разоў прымала жэст добрай волі за апошнія некалькі гадоў, вызваляючы асоб, асуджаных за шпіянаж. Ён таксама згадаў «іншыя дзеянні, якія не былі публічнымі».
Цяпер, паводле слоў Церцеля, паміж Мінскам і Варшавай застаюцца 3–4 вострыя праблемы.
«Мы знаходзілі пэўны водгук, але не заўсёды знаходзілі рашэнне тых ці іншых вострых праблем. Цяпер такіх вострых праблем фактычна тры-чатыры ёсць. Яны звязаныя з неабходнасцю рабіць сустрэчныя крокі, разумеючы нашу зацікаўленасць у эканамічным развіцці, развіцці сувязяў паміж людзьмі. І іншыя пытанні, якія патрабуюць вырашэння», — заявіў Тэрцель.
Беларускія ўлады таксама ўздымаюць пытанні, звязаныя з беларускімі дэмакратычнымі сіламі. Церцель называе іх «падрыўнымі цэнтрамі» ў Польшчы, краінах Балтыі і Украіне і заяўляе, што Польшча нібыта хоча «скінуць з сябе цяжар».
«Мы абмяркоўваем з нашымі калегамі дастаткова адкрыта ў ходзе гэтых кантактаў. Яны разумеюць, што тыя праекты, якія намячаліся і пачалі рэалізоўвацца ў 2020 годзе, ужо немагчыма рэалізаваць. Таму для іх гэта пэўны цяжар, ад якога яны хацелі б пазбавіцца і не мець гэтага раздражняльніка ў адносінах», — заявіў Церцель.
Церцель таксама заявіў пра новыя прапановы ЗША для Беларусі і падзяліў беларускіх палітвязняў на «вяршкі» і «адходны тавар».