Кітайскі вытворца спецтэхнікі Zoomlion развіваў бізнес у Беларусі разам з МАЗам і пасля ўвядзення санкцый супраць беларускага аўтагіганта. Пра гэта піша Беларускі расследавальніцкі цэнтр. Матэрыял падрыхтаваны ў партнёрстве з Міжнародным кансорцыумам журналістаў-расследавальнікаў ICIJ, пры падтрымцы ініцыятывы «Рабочы рух».
У 2015 годзе ў індустрыяльным парку быў зарэгістраваны рэзідэнт «Зумліён бел-рус». Прадпрыемства занялося вытворчасцю кранаў на базе шасі МАЗ.
Кітайская карпарацыя валодала беларускім прадпрыемствам праз Zoomlion Powermole і ганконгскую Zoomlion H.K. Holding. Аднак у 2021-2023 гадах адным з саўладальнікаў кампаніі быў МАЗ.
Расследавальнікі атрымалі дакументы, якія пацвярджаюць перавод брытанскай Zoomlion Powermole беларускаму прадпрыемству пазыкі на 10 млн долараў. Гэта адбылося ў лістападзе 2021 года праз чатыры месяцы пасля ўвядзення санкцый Еўрасаюза супраць МАЗа. Яны стварылі рызыку для брытанскай даччынай кампаніі кітайскага гіганта, хаця фармальна санкцыі ЕС не дзейнічалі ў Вялікабрытаніі.
У сакавіку 2023 года МАЗ трапіў і ў санкцыйны спіс Міністэрства фінансаў ЗША. Пасля гэтага аўтазавод выйшаў са складу ўласнікаў «Зумліён бел-рус», а пастаўкі шасі сталі аплачвацца праз трэція прадпрыемствы.
БРЦ мае дакументы, якія пацвярджаюць, што разлікі за пастаўку шасі па раней заключаных кантрактах пачалі праводзіць праз Жыткавіцкі маторабудаўнічы завод. Для гэтага выкарыстоўвалі дагаворы ўступкі права патрабавання — механізм, пры якім права спагнаць доўг перадаюць ад аднаго ўдзельніка здзелкі другому. У 2024 годзе на прадпрыемстве прайшла рабочая нарада з удзелам тагачаснага віцэ-прэм’ера Пятра Пархомчыка. Тады была ўзгодненая пастаўка шасі праз «Бабруйскаграмаш».
