Беларусь пачала вучэнне з Заходнім аператыўным камандаваннем

Армія
Фото: Олег Шишловский, «Ваяр»

Мінабароны 15-18 верасня праводзіць камандна-штабное вучэнне з Заходнім аператыўным камандаваннем. Ім кіруе начальнік Генштаба Павел Муравейка.

Тэма — «Кіраванне войскамі аператыўнага камандавання падчас стратэгічнай аперацыі УС». У Мінабароны адзначылі, што вучэнне праводзіцца ў адпаведнасці з планам падрыхтоўкі Узброеных Сіл, мае “выключна абарончы характар і накіравана, у тым ліку, на павышэнне здольнасці войскаў абараніць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць дзяржавы”.

Абстаноўка падчас вучэння ствараецца з улікам досведу сучасных ваенных канфліктаў. Будуць адпрацаваныя пытанні кіравання войскамі падчас прыкрыцця дзяржмяжы, забеспячэння ваеннага становішча, у тым ліку пошуку, блакіравання і знішчэння дыверсійных груп праціўніка і незаконных узброеных фарміраванняў. Будзе весціся барацьба з лёгкаматорнай авіяцыяй і беспілотнікамі.

Вайскоўцы адпрацуюць пытанні прымянення БПЛА, маскіроўкі, забеспячэння жывучасці, аднаўлення баяздольнасці і ўсебаковага забеспячэння дзеянняў войскаў.

“Да вучэння прыцягваюцца: упраўленне аб’яднання з падраздзяленнямі забеспячэння, аховы і абслугоўвання, па адным механізаваным (танкавым) батальёне са сродкамі ўзмацнення ад механізаваных брыгад, а таксама ўпраўленні воінскіх часцей, якія ўваходзяць у склад аператыўнага камандавання.

Практычныя дзеянні войскаў аператыўнага аб’яднання пройдуць на палігонах «Гожскі», «Брэсцкі» і «Ружанскі», а таксама на ўчастках мясцовасці на тэрыторыі Брэсцкай і Гродзенскай абласцей.

Колькасць удзельнікаў вучэння, а таксама колькасць асноўных сістэм узбраення не перавышаюць параметры, вызначаныя Венскім дакументам 2011 года і якія падлягаюць апавяшчэнню”, – гаворыцца ў паведамленні міністэрства.

Нагадаем, у адпаведнасці з дакументам, дзяржавы абавязаныя паведамляць пра ваенную дзейнасць, калі падчас дзейнасці перавышаны хаця б адзін з параметраў: не больш за 9 тыс. чалавек, уключаючы войскі падтрымкі, не больш за 250 танкаў, не больш за 500 баявых бронемашын, не больш за 250 самаходных і буксіруемых артылерыйскіх установак або РСЗА.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.