Камандуючы ВПС Літвы палкоўнік Антанас Матуціс заявіў, што ад Беларусі не паступала папярэджанняў пра беспілотнік, які сёння ўначы быў збіты знішчальнікамі НАТА, паведамляе LRT.
«Перад поўначчу быў выяўлены радыёлакацыйны аб’ект, які набліжаўся з тэрыторыі Беларусі ў напрамку Літвы, адпавядаў пэўным устаноўленым крытэрыям, і была зроблена выснова, што ён вельмі падобны на беспілотны лятальны апарат. Аднак візуальна пацвердзіць аб’ект з зямлі не ўяўлялася магчымым, таму былі задзейнічаныя самалёты СПА. Яны перахапілі беспілотнік і, згодна з працэдурай, знішчылі яго», — сказаў ён.
Матуціс таксама пацвердзіў, што БПЛА быў збіты ракетай. Ён не стаў удакладняць паходжанне беспілотніка. Паводле яго слоў, гэта можа быць зроблена пасля аналізу абломкаў.
Дрон збілі непадалёк ад Круоніскай ГАЭС. Аднак камандуючы ВПС не мае ніякай інфармацыі пра тое, што станцыя магла быць мэтай.
«У нас няма ніякіх даных, якія ўказвалі б на электрастанцыю ў Круонісе. Калі пасля правядзення больш дэталёвага расследавання нам удасца што-небудзь выявіць сярод абломкаў, мы зможам пракаментаваць сітуацыю. На дадзены момант такіх даных няма», – сказаў ён.
