У прыняты сёння 20-ты пакет санкцый Еўрасаюза супраць Расіі трапілі кампаніі, звязаныя з ваенна-прамысловым комплексам Беларусі і рэжымам Лукашэнкі. Спіс апублікаваны ў афіцыйным журнале ЕС.
Упершыню ў межах абмежаванняў у дачыненні да беларускага рэжыму пад санкцыі трапіла кітайская дзяржаўная кампанія, звязаная з вытворчасцю беларускай ваеннай прадукцыі, паведамляе прэс-служба Савета ЕС.
У санкцыйны спіс увайшлі:
- сумеснае таварыства з абмежаванай адказнасцю «Волат-Санцзян»,
- ЗАТ «Беларуская нафтавая кампанія» (БНК),
- кітайская кампанія China Space Sanjiang Group.
«China Space Sanjiang Group з’яўляецца сузаснавальнікам СТАА «Волат-Санцзян» і адным з двух асноўных партнёраў гэтага сумеснага прадпрыемства. СТАА «Волат-Санцзян» вырабляе колавыя шасі для ваеннай тэхнікі, уключаючы рэактыўныя сістэмы залпавага агню, якія выпускаюцца МЗКТ. Такім чынам, China Space Sanjiang Group падтрымлівае ваенна-прамысловы комплекс Беларусі, удзельнічаючы ў распрацоўцы і вытворчасці ваенных тэхналогій і абсталявання», — гаворыцца ў абгрунтаванні санкцый.
Акрамя таго, пакет уключае санкцыі, раней прынятыя супраць Расіі, у прыватнасці гандлёвыя меры, меры прававой абароны, абмежаванні ў дачыненні да крыптавалют, а таксама абмежаванні на прадастаўленне паслуг у сферы кібербяспекі і турыстычных паслуг.
