Сёння раніцай, каля 06:00, у Латвіі паведамілі пра магчымую пагрозу ў паветранай прасторы краіны над Алуксненскім, Балвскім, Краслаўскім, Лудзенскім і Рэзэкненскім краямі. Былі неадкладна актываваныя зенітныя падраздзяленні, разгорнутыя ў рэгіёне, а таксама знішчальнікі місіі патрулявання паветранай прасторы краін Балтыі НАТА.
Нацыянальныя ўзброеныя сілы Латвіі пацвердзілі, што адзін беспілотны лятальны апарат увайшоў у паветраную прастору Латвіі і пакінуў яе. Каля 08:00 пагроза была абвешчаная ліквідаванай.
Вайскоўцы падкрэслілі, што сумесна з саюзнікамі па НАТА пастаянна вядуць маніторынг паветранай прасторы. На ўсходняй мяжы дадаткова ўзмоцненыя сродкі супрацьпаветранай абароны.
“Пакуль працягваецца расійская агрэсія ва Украіне, магчымыя паўтарэнні падобных выпадкаў, калі замежны беспілотны лятальны апарат уваходзіць у паветраную прастору Латвіі або набліжаецца да яе”, — заявілі ва УС.
