Беларускія пастаўшчыкі ўпакоўкі асцерагаюцца няроўных умоў на рынку Расіі – СМІ

Навіны
Фото: Полоцкий молочный комбинат

Беларускія пастаўшчыкі ўпакоўкі асцерагаюцца няроўных умоў на рынку Расіі. Пра гэта піша “Коммерсантъ”.

Расійскае выданне атрымала ліст гомельскай кампаніі «Мультыпак», накіраваны ў расійскі Саюз перапрацоўшчыкаў пластмас. У ім гаворыцца, што ў 2025 годзе беларускія і расійскія пастаўшчыкі пластыкавай прадукцыі заплацілі эказбор у роўным памеры. Аднак у 2026 годзе расійскія кампаніі змогуць прымяняць паніжальныя каэфіцыенты, якія забяспечаць ім льготы пры аплаце эказбору.

Прымяняць паніжальныя каэфіцыенты расійскія кампаніі змогуць пры выкарыстанні пэўнай долі другаснай сыравіны, аднак для гэтага павінны выконвацца дзве ўмовы: другасная сыравіна павінна быць расійскага паходжання, а ўпакоўка — выпускацца на тэрыторыі РФ. Беларускія пастаўшчыкі ў такіх умовах будуць плаціць поўны эказбор, што зробіць іх упакоўку на 25–30% даражэйшай за расійскую. Акрамя таго, гэта закране і беларускія тавары ў адпаведнай упакоўцы, напрыклад, малочныя прадукты.

У лісце таксама гаворыцца, што розніца ў памеры выплачанага эказбору будзе расці. Акрамя таго, расійскае Мінпрыроды прапануе новыя стаўкі. Калі яны будуць уведзены, то фактычна расійскі рынак для беларускай упакоўкі будзе закрыты, пацерпяць і тавары, што пастаўляюцца ў ёй.

Гендырэктар Саюза перапрацоўшчыкаў пластмас Пётр Базуноў сказаў выданню, што цяжкасці беларускіх вытворцаў выкліканы «няўзгодненасцю заканадаўства». Паводле яго слоў, сітуацыя ўзнікла з-за пераносу адказнасці з заказчыкаў упакоўкі на яе вытворцаў, а пасля — з-за недастатковай прапрацоўкі азначэнняў упакоўкі, сыравіны і паўфабрыкатаў, якія не ўлічваюць умовы тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза «Аб бяспецы ўпакоўкі», дзе гэтыя паняцці былі замацаваны.

Саюз ужо звярнуўся ў расійскі ўрад з просьбай правесці дадатковы аналіз заканадаўства і ўнесці адпаведныя змены. Таксама арганізацыя ў гэтым месяцы плануе накіраваць прапановы аб унясенні змяненняў у методыку разліку ставак эказбору.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.