Беларускі свабодны тэатр стварае праект для Венецыянскай біенале. Выданне The Guardian раскрыла дэталі падрыхтоўкі

Культура
Мікалай Халезін са скульптурай забароненых кніг для Венецыянскай біенале. Фотаздымак: Ганна Ліміновіч/The Guardian

Беларускі незалежны праект «Official. Unofficial. Belarus.» стане часткай афіцыйнай паралельнай праграмы 61-й Венецыянскай біенале, якая адкрываецца 9 траўня і будзе працаваць да 22 лістапада. Праект ад Беларускага свабоднага тэатра размесціцца ў касцёле Сан-Джавані Эвангеліста.

Праект, куратаркай якога з’яўляецца Даніэла Каляда, задуманы як складаная медытацыя на тэму страты прыватнасці і свабод, дзе глядач трапляе непасрэдна ў «архітэктуру сачэння і кантролю».

Беларускі свабодны тэатр стварае праект для Венецыянскай біенале. Выданне The Guardian раскрыла дэталі падрыхтоўкі
Наталля і Даніэла Каляда. Фота: Ганна Ліміновіч/The Guardian

Выданне The Guardian прысвяціла артыкул гэтаму арт-праекту Беларускага Свабоднага тэатра на міжнародным арт-форуме.

Сузаснавальнік Беларускага Свабоднага тэатра Мікалай Халезін хацеў прадставіць Беларусь у Венецыі дзесяцігоддзі таму, але «ўрад сказаў мне: «вось мастакі, якіх вы можаце выбраць», – цытуе выданне яго словы. Цяпер куратарам стала яго дачка Даніэла Каляда.

У праекце ўдзельнічаюць мастакі, скульптары, кампазітары і нават чалавек, нядаўна прызнаны лепшым шэф-поварам свету. Расмус Мунк рыхтуе страву ў сваім рэстаране з дзвюма зоркамі Мішлен у Капенгагене, якая будзе нагадваць затрыманне пры аўтарытарным рэжыме — тэму ўсёй інсталяцыі. Таксама замовілі водар: ён будзе пахнуць свежавыкапанай у канцы жніўня магілай, размешчанай у беларускай сельскай мясцовасці і пакрытай гнілымі кветкамі.

Мікалай Халезін рыхтуе шар кніг — «перачытванне гісторыі пра Сізіфа», – тлумачыць ён. «Шар зваліўся з гары і раздушыў рычаг бульдозера. Таму што калі кнігі забараняюць у Беларусі, іх разрываюць і закопваюць у зямлю».

Беларускі свабодны тэатр стварае праект для Венецыянскай біенале. Выданне The Guardian раскрыла дэталі падрыхтоўкі
«Паслухмянасць» Сяргея Грыневіча. Фота: Ганна Ліміновіч/The Guardian

Беларускі мастак Сяргей Грыневіч пакажа свае палотны. На адным з іх – шэрагі аголеных постацей, на іншым — натоўпы маладых людзей у масках. Паміж імі размесціцца карціна з пшанічным полем, якая будзе вісець побач з 3D-версіяй, сабранай са складзеных сцяблін. Побач будуць падвешаныя «саламяныя павукі» – беларуская форма лаўца сноў, створаная з турэмных рашотак мастаком Уладзімірам Цэслерам.

Кампазітарка Вольга Падгайская  адмыслова для Венецыі стварыла арганны твор: 20-хвілінную паслядоўнасць трывог, крэшчэнда і маўчанняў.

Беларускі свабодны тэатр стварае праект для Венецыянскай біенале. Выданне The Guardian раскрыла дэталі падрыхтоўкі
Кампазітарка Вольга Падгайская і яе муж з Наталляй Калядой. Фота: Ганна Ліміновіч/The Guardian

У праграме «Канапа» Дзмітрыя Гурневіча Даніэла Каляда расказала пра задачы павільёна. Гэта гісторыя не пра віктымізацыю беларусаў, а «пра пераход, пра тое, як мы спраўляемся і рухаемся далей, гэта пра тых людзей, якія выйшлі з турмы, разумеюць, што яны ніколі не вернуцца, стаяць на гэтым перакрыжаванні і думаюць, што яны будуць рабіць далей». Павільён, паводле куратаркі, будзе спрабаваць адказаць на пытанні, чым ёсць Беларусь у сучасным кантэксце.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.