Беларускі самалёт даставіў сакрэтны груз у Камбоджу. У Тайландзе напружыліся

Армія
Фото: rada.aero

27 снежня ў камбаджыйскую сталіцу Пнампень з Кеніі прыляцеў грузавы самалёт Ilyushin Il-62M з бартавым нумарам W-505TR беларускай авіякампаніі Rada Airlines. Яго прыбыццё нарабіла шмат шуму ў тайскай блогасферы. Сітуацыю быў вымушаны каментаваць прадстаўнік каралеўскіх узброеных сіл Тайланда.

Борт 25 снежня вылецеў з Віцебска, прызямліўся ў кенійскім горадзе Мамбаса, а затым паляцеў у Пнампень. Блогеры звярнулі ўвагу, што маршрут палёту быў наўмысна пракладзены ў абыход паветранай прасторы Тайланда: самалёт выбраў пралёт праз паветраную прастору Малайзіі. Ніякай інфармацыі пра тое, што менавіта даставіў беларускі самалёт у Камбоджу, апублікавана не было.

Далей, 28 снежня, борт W-505TR вылецеў з Пнампеня ў аманскі Сухар. На гэты раз ён праляцеў над Тайландам.

Беларускі самалёт даставіў сакрэтны груз у Камбоджу. У Тайландзе напружыліся
Даныя сэрвісу flightradar24.com

Сітуацыю былі вымушаныя каментаваць тайскія ўлады. Справа ў тым, што якраз 27 снежня Тайланд і Камбоджа дасягнулі пагаднення аб спыненні агню, і магчымыя пастаўкі ўзбраення аднаму з канфліктуючых бакоў маглі паставіць дамоўленасці пад пагрозу.

Прапас Сонджаідзі, дырэктар прэс-цэнтра па сітуацыі на тайска-камбаджыйскай мяжы, заклікаў грамадскасць давяраць узброеным сілам, заявіўшы, што ўлады цалкам дасведчаныя пра паходжанне самалёта, пункт прызначэння, маршрут палёту, грузапад’ёмнасць і далёкасць яго дзеяння. Паводле яго слоў, разведвальныя падраздзяленні ўважліва адсочваюць сітуацыю.

***

Reform.news раней падрабязна пісаў пра тое, чым займаецца авіякампанія Rada Airlines.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.

Апошнія навіны