Беларуская мова ў Instagram і Threads: стартаваў збор подпісаў пад петыцыяй да Meta

Культура
Фота: change.org.

Беларускія карыстальнікі патрабуюць ад кампаніі Meta дадаць родную мову ў інтэрфейс папулярных сацыяльных сетак. Адпаведны зварот з’явіўся на платформе Change.org. Аўтар петыцыі Захар Яноўскі падкрэслівае: адсутнасць беларускай лакалізацыі пасля 15 гадоў існавання Instagram выглядае несправядлівай.

У тэксце петыцыі адзначаецца, што 9 мільёнаў беларусаў з’яўляюцца актыўнымі карыстальнікамі сэрвісаў Meta, але вымушаныя абіраць рускую, украінскую ці англійскую версіі. Гэта стварае шэраг праблем. Адсутнасць мовы ў міжнародных сэрвісах стварае лжывае ўражанне пра яе статус як сярод саміх беларусаў, так і ў замежнікаў.

Для замежнікаў назвы «Belarusian» і «Russian» гучаць падобна, таму прысутнасць мовы ў інтэрфейсе — гэта важны крок да абазначэння нацыянальнай ідэнтычнасці.

Наяўнасць нацыянальнай мовы павялічвае лаяльнасць карыстальнікаў, якія часта аддаюць перавагу прадуктам з беларускай лакалізацыяй, дадае Захар.

«Беларуская мова — гэта асобная самастойная паўнавартасная мова, якая заслугоўвае прысутнасці ў міжнародных сэрвісах», — гаворыцца ў звароце.

Аўтар петыцыі не проста выстаўляе патрабаванні, але і прапануе канкрэтную дапамогу. Ён заяўляе пра гатоўнасць арганізаваць для Meta як каманду прафесійных перакладчыкаў, так і валанцёраў-мовазнаўцаў, якія выканаюць працу і будуць падтрымліваць беларускую версію ў будучыні.

Каб падтрымаць ініцыятыву, неабходна перайсці на старонку Change.org і пакінуць свой подпіс.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.

Апошнія навіны