Грамадзяніна Беларусі, які жыў у Адэсе і працаваў там перакладчыкам, затрымалі за незаконнае знаходжанне ва Украіне. Суд пастанавіў змясціць яго ў пункт часовага знаходжання замежнікаў для далейшага прымусовага выдварэння, піша «Радыё Свабода».
Як стала вядома выданню з інфармаваных крыніц, беларус Дзмітрый К. прыбыў ва Украіну праз аэрапорт у Адэсе і з таго часу больш не ездзіў у Беларусь.
Адэскі абласны цэнтр занятасці выдаў яго працадаўцам дазвол на выкарыстанне працы замежніка з тэрмінам дзеяння з 4 сакавіка 2021 года па 23 сакавіка 2024 года. У 2023 годзе дазвол анулявалі. На гэтай падставе міграцыйная служба анулявала выдадзены дазвол на пражыванне.
У чэрвені 2024 года беларуса затрымалі і склалі акт аб парушэнні правілаў знаходжання замежнікаў ва Украіне. Ён атрымаў штраф (каля 120 долараў). Суд абавязаў Дзмітрыя выехаць з Украіны ў краіну паходжання або ў трэцюю краіну. Ён не аплаціў штраф і не выехаў.
17 лютага гэтага года Дзмітрыя затрымалі супрацоўнікі ўпраўлення стратэгічных расследаванняў абласной паліцыі. Суд пастанавіў, што ў беларуса няма падстаў, якія перашкаджалі б яго прымусоваму выдварэнню з Украіны.
Паколькі ў беларуса не было дакументаў, якія дазваляюць яму законна знаходзіцца ва Украіне, суд прыняў рашэнне змясціць яго на 6 месяцаў да 17 жніўня ў пункт часовага знаходжання замежнікаў і асоб без грамадзянства, якія незаконна знаходзяцца на ўкраінскай тэрыторыі, для далейшага прымусовага выдварэння. Тэрмін дзеяння беларускага пашпарта Дзмітрыя заканчваецца ў маі гэтага года.
Адвакат Дзмітрыя абскардзіла рашэнне суда.
