У Нюрнбергу 29-гадовы грамадзянін Беларусі быў узяты пад варту пасля крадзяжу ў супермаркеце на галоўным чыгуначным вакзале горада, паведамляе Федэральная паліцыя Германіі.
Інцыдэнт адбыўся раніцай 26 красавіка ў краме Lidl. Паводле дадзеных паліцыі, мужчына скраў два напоі агульным коштам 2,40 еўра і паспрабаваў схавацца. Неўзабаве пасля гэтага яго затрымалі супрацоўнікі баварскай паліцыі недалёка ад вакзала і перадалі федэральным праваахоўнікам.
Падчас агляду ў падазраванага выявілі тры нажы: два з фіксаваным лязом даўжынёй каля 10 сантыметраў знаходзіліся ў сумцы, яшчэ адзін складаны нож з лязом каля 8 сантыметраў — у кішэні штаноў. Таксама ў яго знайшлі забароненыя допінгавыя рэчывы. Затрыманы не змог растлумачыць, навошта насіў з сабой нажы.
Падчас праверкі ўстаноўлена, што мужчыну раней быў забаронены ўезд у Германію: у красавіку 2025 года ў дачыненні да яго ўведзена трохгадовая забарона на паўторнае наведванне краіны. Паводле дадзеных паліцыі, ён ужо трапляў у поле зроку праваахоўных органаў.
Па хадайніцтве пракуратуры падазраваны быў дастаўлены да следчага суддзі і змешчаны ў следчы ізалятар у Нюрнбергу. У дачыненні да яго вядзецца расследаванне па падазрэнні ў крадзяжы з ужываннем зброі і незаконным знаходжанні ў краіне. Асобнае разбіральніцтва па факце захоўвання забароненых рэчываў вядзе спецыялізаванае падраздзяленне паліцыі Баварыі.
