14 снежня ва ўзросце 69 гадоў памёр выбітны беларускі кампазітар Віктар Капыцько.
Пра гэта паведамілі яго сябры ў сацсетках.
Сярод асноўных твораў беларускага кампазітара — тры оперы, Меса ў гонар Святога Францыска Асізскага, араторыя «Куранты» паводле ананімнага славянскага зборніка XVIII стагоддзя, шматлікія камерныя сольныя кантаты, камерная сімфонія «Біблійныя Сцэны», аркестравыя творы, камерная інструментальная і вакальная музыка, творы для хору, музыка для тэатра і кіно.
Першая опера творцы «Дзяўчынка, якая наступіла на хлеб» паводле Ханса Крысціяна Андэрсана была пастаўлена ў 1980-х на Ленінградскім тэлебачанні. Другая па матывах Антона Чэхава — «Сіняя барада і ягоныя жонкі» — была рэалізаваная на сцэне Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі ў 2006-м. Трэцяя — «Урочны час» паводле аднайменнага апавядання Рэя Брэдберы — была здзейснена ў канцэртным выкананні ў Беларускай дзяржфілармоніі ў сакавіку 2020 года.
Віктар Капыцько супрацоўнічаў з Купалаўскім тэатрам, пісаў музыку да фільмаў кінастудыі «Беларусьфільм». У прыватнасці, у 1980-х ён быў у творчай групе беларускага рэжысёра-дакументаліста Адольфа Канеўскага, стваральніка незвычайных паэтычных дакументальных карцін-метафар. Супрацоўнічаў з Віктарам Аслюком — карціна «Нябачны край», Юрыем Ялховым — «Анастасія Слуцкая», Аляксандрам Анісімавым — «Сляды на вадзе», «Авантуры Пранціша Вырвіча», у анімацыі — з рэжысёрамі Уладзімірам Пяткевічам, Аляксандрам Ленкіным, Ірынай Кадзюковай.
За свой творчы шлях кампазітар стварыў музыку больш чым да 30 спектакляў драматычнага і лялечнага тэатра (пастаноўкі ажыццёўлены на сцэнах Беларусі, Расіі, Германіі, Польшчы, Латвіі). А таксама музыку да звыш 100 мастацкіх, анімацыйных і дакументальных кіна-, тэле- і відэафільмаў у супрацоўніцтве з кінастудыямі Беларусі, Расіі, Літвы, Польшчы, Францыі, Партугаліі, Германіі, ЗША. Тут можна прыгадаць карціну літоўскага рэжысёра Шарунаса Бартаса «Few of us», дзе гучыць музыка беларускага кампазітара — фільм дэманстраваўся на Канскім кінафестывалі ў 1996 годзе.
«Жывое ўвасабленне познесавецкага андэграўнду, з уласцівай той эпосе любоўю да авангардных прыёмаў і іроніяй, заснаванай на цытатах, як у заўзятага полістыліста, чыя мэта, тым не менш, — прыадчыніць хоць бы маленькія шчылінкі ў пласце метафізічнага космасу», — так апісвае творчы почырк кампазітара даследчык Іван Сакалоў.
Віктар Капыцько працаваў у Мінску, і яго нядаўні графік сябры апісваюць як надзвычай плённы.
«Апошнія месяцы ён працаваў як шалёны, быў на творчым уздыме, мы спісваліся кожны вечар, ён казаў, казаў, казаў, амаль не спаў, карпеў над партытурамі, і чамусьці было страшнавата ад гэтага шквалу працы, але ж тлела надзея, што вось, вось, вось [надыдзе кульмінацыя]», — напісаў пра музыку адзін з блізкіх сяброў.
«Жывучы ў надзвычай сціплых умовах унутранай эміграцыі ў сённяшнім Мінску, ён не губляў сваёй адданасці мастацтву і адкрытасці да новага. Такая мяккая душа — і істота нязломных пры гэтым перакананняў. Вялікае, багатае жыццё, напоўненае гукамі, словамі — і сяброўствам. І ціхі, светлы адыход — на наступны дзень пасля вызвалення палітвязняў», — дае некалькі штрыху да партрэту Віктара Капыцько другі друг.
Апошні запіс у Фейсбуку кампазітара — «Маша на волі!».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram