У Віцебскім абласным краязнаўчым музеі ў пачатку красавіка адкрылася выстава «Погляд з паднябесся», прысвечаная памяці беларускага мастака Уладзіміра Акулава. А ў сярэдзіне таго ж месяца – бліжэй да дня яго нараджэння, якое творца мог бы адзначыць 23 красавіка, – яшчэ адна выстава адкрылася ў Слуцку.
Выставы даволі сімвалічныя: красавік – яго месяц, а Слуцк і Віцебск – важныя для мастака гарады.
У Слуцку Уладзімір Акулаў жыў у дзяцінстве, там пайшоў у мастацкую студыю да вядомага настаўніка Уладзіміра Садзіна. З той жа Слуцкай студыі выяўленчага мастацтва выйшлі і іншыя майстры, такія як Уладзімір Цэслер, Уладзімір і Міхась Басалыгі, Георгій Скрыпнічэнка, аднак толькі Акулаў, атрымаўшы вядомасць, вярнуўся ў горад свайго дзяцінства.

Цяпер яго выстава працуе ў галерэі мастацтваў імя Уладзіміра Садзіна, філіяле Слуцкага краязнаўчага музея.
У Віцебску мастак вучыўся на мастацка-графічным факультэце мясцовага педуніверсітэта. У гэтым горадзе калісьці тварылі Малевіч, Шагал, Лісіцкі. Акулаў увабраўшы дух вялікай школы, не стаў іх пераймальнікам. Ён хутчэй натхняўся экспрэсіянізмам, кубізмам, фавізмам. Пры гэтым кожны яго твор – адметны, нібы яго ствараў нейкі іншы аўтар, а кожны яго цыкл мае свае стылістычныя рысы. Што безумоўна яднае яго карціны – гэта яркая экспрэсія, брутальная энергія і глыбіня вырашэння вобразу. Ідэі працы падначальвалася ўсё – выразны каларыт, востры і рэзкі малюнак, дынамічная кампазіцыя. Ён змешваў, міксаваў, ператвараў вобразы, дадаваў глыбокіх фактур у імкненні дасягнуць сваёй мэты ў кожнай карціне.

Яркі прадстаўнік другой хвалі авангарду 1980-х, Акулаў напружана шукаў свой шлях, абапіраючыся як на гісторыю мастацтваў ХХ стагодзя, так і на свае філасофскія тэорыі. Яго працы вылучаюцца дынамізмам і знарочыстай незавершанасцю – чым адкрыта запрашаюць гледача да дыялогу і дакладна не пакідаюць абыякавым.

Сябры і калекцыянеры апісвалі Уладзіміра Акулава як вельмі аскетычнага чалавека, адукаванага, начытанага, з шырокім літаратурным і філасофскім кругаглядам, які падымаў у сваіх творах глыбокія тэмы і сюжэты. Акрамя жывапісу, ён займаўся графікай і паэзіяй.
Жыў мастак вельмі адасоблена, не любіў творчых тусовак, не імкнуўся піярыць сябе. «Нейкага іншага жыцця, у тым ліку бытавога, сямейнага, за межамі мастацтва ў яго проста няма», – згадваў адзін з прыхільнікаў яго творчасці.

Біяграфія мастака красамоўна адлюстроўвае гэтую побытавую неўладкаванасць. Акулаў выкладаў выяўленчае мастацтва ў Кобрыне, быў дырэктарам Дома культуры ў Слуцкім раёне, пляжным мастаком у Кактэбелі, афарміцелем у «Нафтагазбудзе» ў Сургуце, выхавальнікам у інтэрнаце трактарнага завода ў Мінску, мастаком-афарміцелем у лясгасе ў Нарачы, у кінатэатры ў Мядзелі, на аўтабазе ў Слуцку. З 1990 года жыў і працаваў у Мінску, а ў 2011-м вярнуўся ў Слуцк.

10 лютага 2026 года ў яго кватэры адбыўся пажар. Выратаваць мастака не ўдалося.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
