АПК: Савет ЕС прыняў дадатковыя абгрунтаванні для падаўжэння санкцый супраць «Беларуськалія» і «Белшыны»

Галоўнае
Фото: Беларуськалий

У Аб’яднаным пераходным кабінеце пракаментавалі рашэнне Савета ЕС, якім былі дапоўнены абгрунтаванні санкцый у дачыненні да «Беларуськалія». Згодна з абноўленым рашэннем, у санкцыйнае абгрунтаванне ўключаны факты пра незаконнае перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны ў санаторый «Дуброва», які належыць кампаніі.

Адзначаецца, што інфармацыю для еўрапейскіх партнёраў падрыхтавала Народнае антыкрызіснае ўпраўленне пад кіраўніцтвам намесніка кіраўніцы АПК Паўла Латушкі. Гэта адбылося пасля таго, як прадстаўнікі Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў звярнуліся да НАУ з просьбай умацаваць абгрунтаванні па шэрагу падсанкцыйных юрыдычных асоб.

“Тады еўрапейскім партнёрам была прадстаўлена неабходная інфармацыя. У прыватнасці, НАУ паведаміла пра тое, што ў санаторый «Дуброва», які належыць кампаніі «Беларуськалій», былі незаконна перамешчаны ўкраінскія дзеці з акупаваных тэрыторый Украіны, дзе яны падвяргаліся ідэалагічнай апрацоўцы. У выніку абгрунтаванне рашэння ЕС пра санкцыі ў дачыненні да ААТ «Беларуськалій» было дапоўнена гэтымі фактамі”, — заявілі ў АПК.

Раней НАУ накіравала дзве камунікацыі па гэтым пытанні ў Офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе. Абнаўленне абгрунтаванняў адбылося на фоне размоў пра магчымую адмену санкцый з калійных угнаенняў і «Беларуськалія» — аднак ЕС не толькі падаўжыў абмежавальныя меры, але і ўмацаваў іх доказную базу, адзначаюць аўтары.

Паўторна ў санкцыйны спіс з абноўленым абгрунтаваннем уключана таксама ААТ «Белшына». Раней Суд ЕС зняў з прадпрыемства санкцыі пасля іх паспяховага аспрэчвання ў судзе. У новым абгрунтаванні зафіксаваны пастаўкі шын для расійскай арміі і гандаль праз пасярэднікаў, падкантрольных Дзмітрыю Лукашэнку. Праца па падрыхтоўцы абгрунтаванняў вялася сумесна з БРЦ, BelPol і «Бюро».

Савет ЕС таксама падаўжыў усе санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі на год — да 28 лютага 2027 года. Рашэнне №2026/426 прынята 26 лютага 2026 года.

Латушка заявіў, што рашэнне ЕС пацвярджае паслядоўную пазіцыю еўрапейскіх партнёраў.

«Рашэнне Савета ЕС пра падаўжэнне санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі пацвярджае паслядоўную пазіцыю нашых еўрапейскіх партнёраў: пакуль у Беларусі працягваюцца рэпрэсіі, а падтрымка знешняй агрэсіі не спыняецца, абмежавальныя меры будуць захоўвацца і ўзмацняцца.

Абнаўленне абгрунтаванняў, у тым ліку па прадпрыемствах накшталт ААТ “Белшына” і фактах, звязаных з ААТ “Беларуськалій”, дэманструе, што санкцыйная палітыка становіцца яшчэ больш юрыдычна выверанай і абапіраецца на дадатковыя доказы.

Супрацоўніцтва беларускіх дэмакратычных сіл з еўрапейскімі структурамі ўзмацняе міжнародную адказнасць датычных асоб і арганізацый і павышае верагоднасць далейшых прававых наступстваў на міжнародным узроўні», — падкрэсліў ён.

Нагадаем, нягледзячы на пастаўкі Мінабароны РФ наўпрост і расійскім прадпрыемствам, якія займаюцца вытворчасцю ваеннай тэхнікі, юрыстам «Белшыны» ўдалося дамагчыся зняцця накладзеных санкцый у судзе Еўрасаюза — гэта адбылося ў сакавіку 2024 года. Адзін з аргументаў, які быў улічаны судом пры вынясенні рашэння, зводзіўся да таго, што атрыманне прыбытку дзяржавай Беларусь ад дзейнасці прадпрыемства засталося недаказаным.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.

Апошнія навіны