Літва не бачыць умоў для палітычнага дыялогу з Мінскам. Пра гэта ў эфіры Žinių radijas заявіла дарадчыца прэзідэнта Літвы па пытаннях знешняй палітыкі Аста Скайсгірыце. Паводле яе слоў, магчымыя толькі тэхнічныя кантакты ў памежным кантэксце.
«Ці можам мы правесці пэўную лінію, тэхнічную лінію для перамоваў? Так, можам, таму што, у рэшце рэшт, ёсць мяжа. На гэтай мяжы на працягу вельмі доўгага часу магчымыя розныя інцыдэнты. Таму мы можам гаварыць на гэтым узроўні. Аднак я не бачу цяпер ніякай магчымасці для нармальнага палітычнага дыялогу на ўзроўні лідараў, таму што для гэтага няма ўмоў», — сказала яна.
Скайсгірыце нагадала, што Беларусь з’яўляецца саюзнікам Расіі і падтрымлівае яе ў вайне супраць Украіны, таму гэта не саюзнік і не партнёр. Дарадчыца прэзідэнта назвала Беларусь варожай дзяржавай, якая праводзіць гібрыдныя дзеянні супраць Літвы. Яна нагадала пра метэазонды кантрабандыстаў, міграцыйны ціск, затрыманне грузавікоў.
Трэба адзначыць, што прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа на пачатку красавіка казаў, што, магчыма, пачаў бы дыялог, калі б на працягу чатырох тыдняў не заляталі метэазонды кантрабандыстаў, не было б мігрантаў на мяжы і вярнуліся б усе грузавікі. Аднак у красавіку на мяжы Літвы адзначаліся спробы пранікнення мігрантаў, у краіну заляталі метэазонды кантрабандыстаў, толькі затрыманыя раней літоўскія грузавікі працягвалі вяртацца дадому. Паводле ацэнкі беларускага ДМК, усе транспартныя сродкі павінны пакінуць Беларусь да канца мая.