Усе былыя палітвязні, якія вырашылі застацца ў Польшчы, падалі заявы на прадастаўленне міжнароднай абароны ў Варшаве, Уроцлаве, Гданьску і Беластоку. Гэтай магчымасцю скарысталіся 83 чалавекі, паведамляе Аб’яднаны пераходны кабінет.
Падача заяў на міжнародную абарону грамадзянамі Беларусі, якія вырашылі легалізавацца ў Польшчы, з’яўляецца вынікам агульнай працы ініцыятыў: «Вольныя», НАУ, Цэнтра беларускай салідарнасці, Dissidentby, Partyzanka, асацыяцыі «Да Волі» і іншых.
«Выказваю шчырую падзяку Памежнай службе Польшчы за штодзённую аператыўную камунікацыю і падтрымку пры падачы зваротаў на міжнародную абарону былымі палітвязнямі.
Асабліва хачу падзякаваць за агульную сумесную працу прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы АПК, усім беларускім грамадскім ініцыятывам і валанцёрам. Мы дэманструем узаемную дапамогу і падтрымку, і гэта важна ў такія моманты», — заявіў намеснік кіраўніка АПК Павел Латушка.
Нагадаем, 13 снежня былі вызваленыя 123 палітвязні. Большасць была выдворная ва Украіну, астатнія — у Літву. У некаторых няма на руках пашпартоў. 17 снежня палітвязні пакінулі Украіну. Як паведамляў АПК, 87 чалавек прыбылі ў Варшаву, 20 — у Літву. Марыя Калеснікава і Віктар Бабарыка адправіліся ў Германію.