Мы працягваем падводзіць вынікі года і рабіць агляды таго, што адбывалася ў нашай культуры ў 2024 годзе. Сімвалічна закранулі літаратуру, даволі грунтоўна — тэатр. А вось прааналізаваць тое, што адбывалася ў беларускім візуальным мастацтве, — аказалася задачай няпростай. Падзей было сапраўды шмат — у розных краінах і гарадах.
Беларускае мастацтва даўно перакрочыла межы краіны, — падобную да гэтай фразу часта змяшчаюць на пачатак аналітычных даследаванняў. Культура не дзеліцца на ўнутраную і эмігранцкую, а акумулюецца і прырастае з кожным новым творам і новым праектам. Іншая справа, што ўмовы, у якіх з’яўляюцца гэтыя культурныя прадукты, кардынальна розныя, аднак далёкія ад нормы, дзе б мы цяпер не працавалі. Сёння сітуацыя ненармальнасці з’яўляецца той рамкай, у якой беларускія аўтары развіваюць свае мастацкія стратэгіі.
У выніках 2024-га мы вырашылі не дзяліць агляд на «там» і «тут» ці на «плюс» і «мінус», а паспрабавалі вызначыць галоўныя тэндэнцыі года ў беларускім візуальным мастацтве.
За час, што мінуў ад пачатку культурнага тэрору, у Беларусі падрасла новая генерацыя творцаў, а мастакі знайшлі іншыя фарматы выжывання. Аднак сітуацыя з цэнзурай і «чорнымі спісамі» ў краіне не змянілася, то-бок выставачны працэс, бачны шырокаму колу гледачоў, адбываецца з абмежаваным колам удзельнікаў і паводле ідэалагічна абумоўленых правіл.
На папулярных фестывалях і групавых выставах з’яўляюцца новыя імёны, пераважна студэнтаў і маладых выпускнікоў, і адны і тыя ж дазволеныя аўтары старой кагорты, якія з той ці іншай прычыны ў «чорныя спісы» не патрапілі. Хоць удзельнікаў выстаў і фэстаў паменшала, аднак не крытычна — у краіне захоўваецца імітацыя нармальнага культурнага жыцця.
Ва ўмовах, калі з арт-працэсу выключаны знакавыя творцы, Саюзу мастакоў цяжка зладзіць цэхавыя выставы, такія, як агляды скульптуры ці манументальнага мастацтва, бо немагчыма паказаць развіццё асобных відаў мастацтва без ключавых гульцоў. Таму да 85-годдзя БСМ выставілі 130 твораў жывапісу, графікі, скульптуры старшыняў Саюза, да 110-годдзя «Чорнага квадрата» — творы на сюжэт квадрата, не абавязкова чорнага. Вайна, уз’яднанне, выставы пра спорт ці гульню — усё гэта праекты камбінаторныя, якія можна рэалізаваць з самымі рознымі ўдзельнікамі. Вялікія праекты Белгазпрамбанка «Арт-Мінск» і «Восеньскі салон» — гэта проста адвольны збор твораў без тэмы і канцэпту.
Мастацкі музей, які хоць і дэманструе выразны паварот ад «нацыянальнага», слова, што прысутнічае ў назве музея, да «рэгіянальнага» — праз сумесныя праекты з Расійскай Федэрацыяй, тым не менш зладзіў некалькі важных, прафесійна зробленых гістарычных праектаў. На вялікай рэпрэзентатыўнай выставе, што сталася вынікам навуковага даследавання, «Беларуская скульптура XVII-XVIII стагоддзяў» паказалі 90 твораў драўлянай, разьбянай і паліхромнай скульптуры з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея. Выстава «Ю. Пэн, Я. Кругер. Мастацкія школы Беларусі» распавядала пра пачаткі мастацкай адукацыі ў Беларусі, прадэманстраваўшы творы не толькі таленавітых настаўнікаў, але і іх знакамітых вучняў. «Сімвалы, атрыбуты і алегорыі ў мастацтве Беларусі XVII-XIX стст.» раскрывала сімвалічны аспект мастацтва Беларусі гэтага перыяду.
Іншыя пляцоўкі паказвалі камерныя праекты на нейтральныя тэмы.
За мяжой не было вялікіх калектыўных выстаў беларускіх аўтараў, як «Кожны дзень» у Кіеўскім арсенале ці «Калі Сонца нізка — цені доўгія» ў Беластоку ў ранейшыя гады. Нават вялікага агляду фатаграфіі не адбылося: міжнародны фотафестываль «Месяц фатаграфіі» сёлета не праводзіўся з-за адсутнасці зацікаўленасці ў арганізатараў фотафестывалю ў Лодзі, месца, якое апошнія гады сталася прытулкам нашай імпрэзы.
З аднаго боку, беларускіх падзей у свеце адбываецца вельмі шмат, і міжнародны досвед, які атрымліваюць аўтары, надзвычай каштоўны. З іншага — амаль усе гэтыя праекты камерныя і лакалізуюцца ў розных гарадах і краінах.
Да таго ж часта візуальнае мастацтва «прычэпліваецца» да іншых актыўнасцей, пераважна палітычнага кшталту. І галоўным крытэрам адбору становіцца не якасць, а тэматыка.
У выніку на беларускае мастацтва апускаецца туман невядомасці, калі крытыкі і шырокае кола гледачоў не бачаць ні таго, што адбываецца ў майстэрнях аўтараў, ні вялікіх панарамных прэзентацый. Што хвалюе мастакоў, якія тэмы для іх актуальныя — усё гэта даводзіцца збіраць па асобных камерных экспазіцыях.
Сур’ёзная аналітыка таксама з’яўляецца рэдка, і яна ў любым выпадку няпоўная: у краіне пануе цэнзура, і нават за яе межамі часта самай бяспечнай стратэгіяй з’яўляецца маўчанне.
Заўважыць гэты трэнд прымусіла публікацыя ў «Нашай Ніве» пад назвай «У Мінску адкрылася выстаўка чатырох найлепшых мастакоў апошніх гадоў». Размова ў ёй ішла пра лаўрэатаў Нацыянальнай прэміі ў галіне выяўленчага мастацтва за 2023 год.
Як для незалежнага выдання падыход да навіны ўражальна непісьменны, таму што чацвёрка найлепшых беларускіх мастакоў размяркоўваецца прыблізна так: адзін загінуў у турме (калі б у той прэміі была намінацыя «акцыянізм»), другі цяпер дзесьці ў эміграцыі, а трэці і чацвёрты — у «чорных спісах».
Улады намагаюцца выкрасліць «варожых» артыстаў з арт-поля, і пакуль генія на гэтым зачышчаным полі не выспела, бо нараджаюцца яны толькі там, дзе цыркулююць ідэі і з’яўляюцца новыя сэнсы.
Выснову, якую тут можна зрабіць: як мінімум не звяртаць увагі на падобныя сумніўныя конкурсы, дзе частка гульцоў проста выкінута з гульні, прычым даволі брутальным чынам.
Вынікам новай «нармальнасці» непазбежна з’яўляецца «гарызонт нуля», калі напрацоўкі папярэднікаў не акумулююцца, а забываюцца, і новае пакаленне пачынае ўсё з нейкай нулявой кропкі.
Каб падобнага не адбылося, бо любы разрыў — гэта адкат назад, варта працаваць у медыяполі, нагадваючы пра варункі існавання беларускіх творцаў у краіне.
Нагадаем іх: паводле маніторынгу Беларускага ПЭНа, 164 дзеячы культуры пад прымусовым абмежаваннем волі: у турмах, на «хатняй хіміі» ці пад іншымі формамі кантролю; 101 дзеяч культуры прызнаны палітвязнем і адбывае пакаранне ў месцах зняволення; больш за 43 дзеячы культуры ўключаны ў «спісы экстрэмістаў», у тым ліку завочна асуджаныя. Колькасць творцаў у «чорных спісах» невядомая.
У даследаванні Рады культуры мастакі, апісваючы стратэгіі творчага выжывання, ужывалі слова перазборка. Стан беларускага культурніцкага сектару ацанілі як перасамавызначэнне і перазбор амаль 2⁄3 рэспандэнтаў (30 з 50).
З 2020-га многія беларускія аўтары перагледзелі свае творчыя стратэгіі, некаторыя змянілі стылістыку, іншыя — тэматыку. Умовы існавання беларускага мастацтва не з’яўляюцца нармальнымі, і вяртання да ранейшага арт-працэсу, які і дагэтуль быў далёкім ад дасканаласці, па ўсёй верагоднасці не адбудзецца. Мастакі адаптуюцца да новых варункаў, аднак вынікамі гэтай адаптацыі ў значнай колькасці выпадкаў з’яўляюцца самацэнзура і камерцыялізацыя.
Карціну развіцця сучаснага мастацтва можна візуалізаваць як сеціва — мноства розных праектаў і прастор у разнастайных лакацыях. Інтэрнэт-старонкі, інтернэт-камьюніці і часовыя калабарацыі вакол праектаў — таксама адны з формаў кааперацыі.
Mochnarte Fоundation, фонд і рэзідэнцыя для беларускіх мастакоў на эміграцыі, працягвае працу на Падляшшы. Познаньская Fundacja KUT, культурніцкая арганізацыя і прастора, нядаўна займела сваю галерэйную пляцоўку, на якой адбылася першая выстава беларускага культуралагічнага клуба «I-DZIE-JA». Gray Mandorla Studio у Познані з’яўляецца адначасова і майстэрняй, і плошчай для выстаў і арт-мерапрыемстваў. Цэнтр культуры ў Беластоку, створаны роўна год таму, з’яўляецца прасторай для мастацкай, даследніцкай і выдавецкая дзейнасці. Шэраг мастацкіх выстаў арганізаваў Музей Вольнай Беларусі.
У верасні ў Дзюсельдорфе прэзентавалі культурнае аб’яднанне Pavetra Verein, якое плануе працаваць над сінтэтычнымі і міждысцыплінарнымі праектамі, паглыбляць ужо існуючыя творчыя сувязі ды працэсы, і пашырацца ў творчым ды геаграфічным сэнсе. У Берліне працуе Razam Kunst — згуртаванне і выставачная прастора.
Беларускі куратаркі адкрылі галерэю на Кіпры.
У Вільні ёсць некалькі беларускіх прастор, дзе можна ладзіць мастацкія экспазіцыі, — CreateCulture Space, Музей імя Луцкевіча, HutkaSmachnaa Window Gallery, Kropka.
Аntiwarcoalition.art – міжнародная адкрытая анлайн-платформа, якая збірае, распаўсюджвае і размяшчае антываенныя працы мастакоў з усяго свету, змагла ўвасобіць вялікую выставу ў Харкаве, якую суправаджаў шэраг міжнародных мерапрыемстваў.
Праграма ArtPower Belarus — праект, што ладзіцца з Дацкім інстытутам культуры, выдзяляе сродкі на разнастайныя культурныя ініцыятывы.
Ambasada Kultury у межах праекта PerspAKTIV і пры падтрымцы замежных партнёраў арганізавала 20 рэзідэнцый для беларускіх і міжнародных культурных дзеячак і дзеячаў і запусціла падкаст у рамках Open Muzej (OM), прысвечаны захаванню і папулярызацыі сучаснага беларускага мастацтва. Мастацкія рэзідэнцыі таксама арганізуюць ABA ў Берліне і Дом творцаў у Варшаве.
Мастакі, аб’яднаныя ў суполку «Шклатар» перыядычна рыхтуюць невялікія канцэптуальныя праекты, напрыклад, у чэрвені ў Варшаве працавала выстава Андрэя Анро, Васілісы Палянінай і Аляксандра Адамава «Ціхі час».
Каманда, што аб’ядналася вакол праекта VEHA, правяла некалькі выстаў. Напрыклад, «На вашых магілах мы справім вяселле» пад куратарствам Веры Залуцкай увайшла ў праграму Капенгагскага фотафестывалю.
Фестываль беларускай культуры «Minsk x Minga» ў трэці раз прайшоў ў Мюнхене, сёлета вырашылі сканцэнтравацца на тэме палітвязняў.
У 2023 годзе фатографы аб’ядналіся ў сваю асацыяцыю і сёлета правялі PhotoArtDoc — фестываль фатаграфіі з тэматыкай на стыку дакументалістыкі і мастацтва.
Беларуская мастачка Людміла Хрысцесева стварае сетку кааперацый з творцамі розных краін, каб ствараць праекты ў развіцці. Апошнія былі прысвечаны беларускай кухні ў выгнанні, куратарка лічыць, што праз шанаванне сваёй гісторыі і традыцый можа аб’яднаць беларусаў, якія жывуць за межамі сваёй Радзімы.
Што датычыць сітуацыі ў Беларусі, то Беларуская рада культуры ў сваім даследаванні засведчыла асцярожна-пазітыўныя змены: «паступова адыходзячы ад усіх шокаў апошніх гадоў, культурніцкія дзеячы, якія канчаткова для сябе пастанавілі заставацца і намацваць шляхі публічнае культурніцкае дзейнасці ў Беларусі, групуюцца паводле інтарэсаў, аднаўляюць тусоўкі і кам’юніці. Але пакуль рана гаварыць пра вынікі і канкрэтныя контуры аднаўлення сувязяў – тут мы можам зафіксаваць, хутчэй, інтэнцыю, чымся рэальны працэс».
Аналізуючы стан гэтага «сеціва» культурніцкіх прастор, можна засведчыць яго раз’яднанасць і разнароднасць. Паводле згаданага даследавання Рады культуры, па-ранейшаму адзін з самых распаўсюджаных каментароў экспертаў да пытання пра камунікацыю і кааперацыю – выраз «кожны сам па сабе». Аднак з іншага боку, колькасць незалежных інстытуцый і ініцыятыў, звязаных з рознымі сферамі беларускай культуры, у краіне і за мяжой працягвае расці: напрыканцы года іх было каля 200. З іх непасрэдна ў Беларусі, — 15%, аднак, як правіла, іх дзейнасць носіць падпольны характар.
Эміграцыя з краіны працягваецца, колькасць беларускіх творцаў за мяжой працягвае павялічвацца, спрабуючы дзейнічаць у новых варунках. Некаторыя з іх працуюць як і раней працавалі ў Беларусі, — з замежнымі галерэямі. Некаторыя з’ехалі даўно і ўжо ўпісаліся — як беларускія аўтары — у інтэрнацыянальнае арт-асяроддзе.
Венецыянскае біенале — адна са значных міжнародных арт-падзей свету. Падчас яго адкрыцця беларускімі аўтарамі былі рэалізаваны два праекты. У «Іншай сесіі» (Other Session) удзельнічала беларуская мастачка Леся Пчолка. Афіцыйным постарам праекта стала яе праца «HEIMAT», прысвечаная бежанству. У ёй на фоне неба – выявы двух жывых помнікаў з абрысамі, што бесперапынна змяняюцца. Другі праект — «Дзеці паўсюль» быў арганізаваны «Школай архітэктурнага мыслення» з Мінска, якая цяпер базуецца ў Партугаліі. Удзельнікі яго — дзеці, якія паўгода вывучалі гульні розных краін – разам з адпаведнымі тэорыяй і філасофіяй. А ў выніку распрацавалі ўласныя вулічныя гульні, у якія згулялі ў Венецыі.
На мінулым біенале акцыяніст Аляксей Кузьміч зрабіў гучны праект каля расійскага павільёна, сёлета ён таксама апынуўся ў цэнтры некалькіх міжнародных скандалаў, зладзіўшы дзве правакатыўныя акцыі — «Рэнесанс» і «Асемяненне» ў Францыі, якія выклікалі ў грамадстве даволі вялікі рэзананс, прадукуючы дыскусіі пра прыроду мастацтва.
Адным з двух куратараў міжнароднага біенале Matter of Art у Празе быў Аляксей Барысёнак, які акрамя непасрэдна выставы зладзіў шырокую праграму падзеяў і дыскусіяў, што тычыліся сацыяльных зменаў у сельскай мясцовасці і будучыні рабочых рухаў, звязаных з гісторыямі супраціву і ўстойлівасці.
У склад міжнароднай каманды куратараў выставы беларускіх мастакоў у Берліне «Часам я трымаюся за паветра» ўвайшоў Уладзімір Грамовіч. Выстава была ініцыявана Гётэ-Інстытутам у выгнанні і стала часткай міждысцыплінарнага фестывалю, прысвечанага Беларусі. Дзевяць аўтараў праз свае творы распавялі пра досвед эміграцыі, пра рэпрэсіі ў роднай краіне і адшукалі візуальную форму пачуццю непрытульнасці.
У фестывалі Urban Nature ў Бразіліі прынялі ўдзел беларускія аўтары — група Echo, Bazinato, Міла Котка.
У італьянскім горадзе Сціла, радзіме філосафа Тамаза Кампанэла, беларускія мастакі пакінулі творы стрыт-арту.
Мастачка Ганна Мядзведзева атрымала галоўны прыз прыз трыенале сучаснай керамікі і шкла European Ceramic Context у Даніі.
Яна Шостак зладзіла інтэрактыўную «Адкрытую майстэрню» падчас сімвалічнай выставы Łzy szczęścia у галерэі Zachęta. У гэтай жа галерэі крыху пазней паўдзельнічала ў групавой выставе беларуская мастачка Ала Савашэвіч. Яна жыве ў Польшчы даволі доўгі час, а сёлета прэзентавала свае праекты па ўсім свеце. Напрыканцы года яна стала адным з намінантаў пра прэстыжную польскую ўзнагароду Paszporty Polityki.
Адзін з самых рэзанансных міжнародных праектаў зроблены каманды беларускіх куратарак і куратараў у супрацы з украінскімі калегамі з «ЄрміловЦентру».
«Пачуццё бяспекі» — гэта сумесны міжнародны арт-праект, ініцыяваны Міжнароднай платформай Аntiwarcoalition.art, Ambasada Kultury і ЄрміловЦентр з мэтай паказаць жыццеўстойлівасць і крэатыўнасць Харкава, горада, які штодня сутыкаецца з цяжкасцямі. Праект накіраваны на стварэнне механізму падтрымкі, які аб’яднае Харкаў і сусветную супольнасць. Гэтыя намаганні яшчэ больш узмацняюцца дзякуючы праграме «Масты салідарнасці», якая ўключае ў сябе больш за 20 мерапрыемстваў у 12 краінах, як анлайн, так і афлайн.
Падзеі адбыліся ў розных гарадах Германіі, Нідэрландаў, Грузіі і Польшчы трансляваліся ў рэжыме рэальнага часу на экранах Ермілаўскага цэнтра, прарываючыся скрозь адчуванне ізаляцыі з-за вайны. Да супрацоўніцтва далучыліся больш за 20 еўрапейскіх інстытутаў. І працэс не спыняецца: з’яўляюцца новыя ідэі, магчымасці для ўзаемадзеяння ў будучыні.
Каманда куратараў выставы: Таццяна Качубінская, Аляксандр Камароў, Марына Конева, Антаніна Сцебур, Максім Тымінько.
Гэта, безумоўна, не ўсе калектыўныя праекты, а толькі тыя, якія наша выданне цягам года заўважыла. Пералічыць персанальныя не ўяўляецца магчымым. Але высновы нават з гэтага даволі абмежаванага пераліку відавочныя: беларускія аўтары развіваюцца на абсалютна іншым узроўні, атрымліваючы новыя кампетэнцыі. І другі дадатны момант гэтай сітуацыі ў тым, што беларускія праекты становіцца больш заўважнымі ў міжнародным кантэксце.
Размовы пра стомленасць ад палітыкі гучаць ужо з год. І хоць Рада культуры ў сваім даследаванні фіксуе эрозію творчага патэнцыялу палітычнае тэмы, аднак сацыяльна заангажаваныя мастакі ад гэтай тэмы не адышлі.
Па-ранейшаму было даволі шмат палітычных падзей, дзе мастацтва выконвала прыкладныя функцыі сведчання. Выстава малюнкаў Паўла Севярынца нагадала пра палітзняволеных. Міжнародны праект «Несціхаючыя галасы», ініцыяваны Музеем Вольнай Беларусі ў Варшаве, быў прысвечаны ролі жанчын у беларускім дэмакратычным руху. Перфоманс былых зняволеных, прымеркаваны да Дня салідарнасці з беларускімі палітвязнямі ў Фларэнцыі, нагадваў пра ўмовы ўтрымання ў турме. Арт-інсталяцыя «Нязломныя» была прысвечана палітзняволеным праваабаронцам «Вясны» Алесю Бяляцкаму, Валянціну Стэфановічу, Уладзіміру Лабковічу, Марфе Рабковай і Андрэю Чапюку. Для выставы «Пачуцці: Малюнкі палітвязняў Беларусі» Праваабарончы цэнтр «Вясна» сабраў звыш 100 мастацкіх прац, якія былі створаны палітвязнямі ва ўмовах турэмнага зняволення. Яўгенія Доўгая ў Берліне стварыла экспазіцыю на аснове рэчаў палітзняволеных і фатаграфій з маршаў.
Застаюцца актуальнымі і даследаванні сучасных беларускіх мастакоў, якія палітычную тэму развіваюць як сваю мастацкую стратэгію. Тут можна прывесці некалькі прыкладаў…
Выстава Руфіны Базловай з выжыванкамі, прысвечанымі беларускім палітзняволеным, прайшла падчас Дзён Беларусі ў Брусэлі. Каманда мастачкі актыўна развівае міжнародную сетку падтрымкі палітзняволеных праз традыцыйную вышыўку ў праекце #FramedinBelarus.
Сяргей Шабохін у Старамейскім доме культуры прэзентаваў праект, які на цалкам беларускім матэрыяле ставіў пытанні пра прыроду ўлады, тэму актуальную для многіх краін. Гэта выдатны прыклад адаптацыі беларускай тэмы да міжнароднага гледача.
Выстава «Спаць спакойна» Ірыны Арахоўскай была прысвечана гісторыям былых беларускіх палітвязняў і цяперашніх эмігрантаў.
Выстава памяці Алеся Пушкіна ў Музеі Вольнай Беларусі «Ales Pushkin. Afterlife» паказала мастака ў розных іпастасях. Куратар Андрэй Дурэйка зладзіў экспазіцыю на аснове фотаздымкаў, дакументаў і арыгінальных відэапрац з архіва мастака, яго сяброў і калег. У выставу таксама былі інтэграваны арыгінальныя працы мастакоў, фатографаў і відэадакументалістаў, якія супрацоўнічалі з Алесем і чыя творчасць канцэптуальна звязана з яго ідэямі.
Русіфікацыя для Беларусі з’яўляецца пастаяннай пагрозай цягам апошніх стагоддзяў, аднак пасля падзей 2020 года яна ўзмацнілася і набыла небяспечныя формы.
Дзяржава вядзе палітыку дэбеларусізацыі і антызаходніцтва і актыўна падтрымлівае ідэалогію «руского мира», які ў Беларусі замацаваўся інстутуцыянальна — праз фонды і «рускія дамы», якія існуюць як у Мінску, так і амаль ва ўсіх абласных цэнтрах, і ператварыліся ў структуры, што актыўна ўплываюць на мясцовае культурнае жыццё. Як ні парадаксальна для нашага не вельмі рэлігійнага грамадства, падобныя функцыі прыняла на сябе і праваслаўная царква, яшчэ адзін актыўны праваднік «руского мира».
У мінскім філіяле Нацыянальнага мастацкага музея «Дом Ваньковічаў. Культура і мастацтва першай паловы ХІХ стагоддзя» цяпер працуе выстава бытавога жанру жывапісу «Імгненні жыцця» ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Аднак далей у апісанні тлумачыцца, што жывапіс, які выстаўляюць, рускі. Хоць жывапісец Валенцій Ваньковіч меў такія ж антыімперскія погляды, як і Адам Міцкевіч, у навагрудскім Доме-музеі якога вясной прэзентавалі выставу рэпрадукцый Мікалая Рэрыха «Святая Русь».
У залах Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы ў лістападзе адкрылася экспазіцыя «Краявіды памяці». Акрамя сімвалічнага месца правядзення, абурае ідэалагічнае напаўненне гэтага праекта.
Гэта выстава — вынік міжнароднага пленэрна-выставачнага праекта «Руская Атлантыда», які называюць прыкладам паспяховага супрацоўніцтва праваслаўнай царквы і расійскага грамадства на ніве мастацкай асветы. За 10 гадоў існавання праекта «Руская Атлантыда» арганізатарамі было праведзена больш за 1000 дзён пленэрнай працы ў самых розных гарадах Расіі, ад Балтыкі да Байкала, практычна па ўсіх гарадах Залатога кальца, а таксама на Кубані, Наваросіі і ў Крыме. А цяпер праект распаўсюдзіўся і на Беларусь, адказваюць за гэты «рэгіянальны блок пленэрна-выставачнай работы» Аляксей Траццякоў, старшыня Цвярскога рэгіянальнага аддзялення «Саюза праваслаўных прадпрымальнікаў», а таксама Аляксандр Копелеў і Дзмітрый Суцямаў, кіраўнікі агульнарасійскай грамадскай арганізацыі «Расійскі Клуб праваслаўных мецэнатаў» у Рэспубліцы Беларусь.
Сярод куратараў выставы — галоўны захавальнік аддзела старажытнабеларускай культуры.
Паводле даследавання Беларускага ПЭНа, ёсць дамоўленасць, каб беларускія музеі ўключаліся ў асацыяцыі расійскіх згодна з профілямі. Тэма вымушанага аб’яднання і паглынання беларускіх арганізацый расійскімі сустракалася і ў кантэксце працы творчых саюзаў Беларусі (мастакоў, дызайнераў, кінематаграфістаў) – незалежных некамерцыйных арганізацый, якія вымушаюць увайсці ў структурныя адзінкі расійскіх саюзаў.
У Нацыянальным мастацкім музеі на днях адкрылася выстава пра «общий культурный код» (як гэта падае расійскі бок — Рускі музей у Санкт-Пецярбургу) «Расія — Беларусь. Скрыжаванне лёсаў», на якой прадстаўлены творцы з Беларусі, што вучыліся ў расійскіх творчых установах (дэканструкцыі імперскіх наратываў у сферы адукацыі беларускіх мастакоў мы прысвецім асобную публікацыю).
У магілёўскім музеі Масленікава працавала выстава матрошак, якая адлюстроўвае культуру традыцыйнага касцюма розных краін: Беларусі, Літвы, Украіны, Грэцыі, Арменіі, Расіі і В’етнама. Размаляваных лялек вырабілі юныя мастакі, выхаванцы дзіцячых дамоў-інтэрнатаў з розных краін.
У Магілёўскім мастацкім музеі зладзілі выставу «Золотая коллекция восковых фигур из Санкт-Петербурга. «История в лицах. Люди изменившие мир» з відавочнай мэтай прасоўвання расейскіх гістарычных нацыянальных герояў у беларускую публічную прастору.
«На выставе будуць прадстаўлены васковыя фігуры гістарычных асоб, якія зрабілі істотны ўклад у культуру, гісторыю і рэлігію», — паведамляе анатацыя. Сярод гэтых асоб — Пушкін, Дастаеўскі, Юдзіф, Еўфрасіння Полацкая, княгіня Вольга, Майсей, Аляксандр Неўскі, апостал Павел, Распуцін і іншыя.
Паміж Міністэрствам культуры і Беларускай праваслаўнай царквой сёлета працягвалася рэалізацыя праграм супрацоўніцтва. Вынікі сумеснай работы і планы на 2025 год нядаўна абмяркоўваліся ў Нацыянальным мастацкім музеі. Былы міністр культуры Анатолій Маркевіч пазітыўна ацаніў плён супольных ініцыятыў: «Закладзены трывалыя асновы ўзаемадзеяння па ўсіх напрамках — ад адраджэння старадаўніх храмаў і манастыроў да ажыццяўлення сумесных культурных і адукацыйных праектаў».
«Адкрыта змагацца з рускай прапагандай сёння бессэнсоўна, — кажа гісторык і культурны антраполаг Павел Церашковіч. — Аднак там, дзе супольнасць мае ўстойлівую ідэнтычнасць, там «рускаму свету» няма чаго рабіць».
Супрацьстаяць «рускому миру» выказванні і праекты, скіраваныя на даследаванне сваёй ідэнтычнасці. Гэта тэма застаецца даволі папулярнай у беларускіх творцаў. Згадаем толькі некалькі прыкладаў…
У праекце «Покуць» беларуская мастачка Надзея Саяпіна разважала пра розныя значэнні і сэнсы кута. Цэнтральнае месца ў праекце займае кут – візуальна-семантычны сімвал са шматграннымі сэнсамі. Родны кут азначае Радзіму, а покуць – святы кут хаты.
Архіў VEHA займаецца захаваннем беларускай візуальнай спадчыны і прэзентуе выставы (адну з іх мы згадалі вышэй) на аснове сваіх калекцый. Збор архіва на сёння ўключае пяць калекцый аматарскай фатаграфіі 1920-х — 1980-х гадоў на розныя тэмы: «Найлепшы бок» — парадны партрэт, «Дзявочы вечар» — вясельныя фота, «Апошні фотаздымак» — фатаграфія пахаванняў, «Людзі лесу» — узаемадзеянне людзей і прыроды, і «Руіны Беларусі» — беларусы і памятныя мясціны, помнікі.
Дар’я Цемра даследуе траўму беларускага грамадства, працуючы з целам і ствараючы аб’екты-фіксацыі.
У некалькіх польскіх гарадах прайшла выстава гістарычных касцюмаў Кацярыны Ваданосавай, дзе былі паказаны аўтарскія гістарычныя рэканструкцыі.
Зусім нядаўна на свет з’явілася арт-кніга «Доўгая дарога дамоў» — праект беларускай мастачкі Машы Мароз пра Палессе, над якім яна працавала на працягу дзесяці гадоў.
У Беларусі па-за цэнзурнымі абмежаваннямі ладзяцца праекты, прысвечаныя фальклору і народнаму мастацтву — рэха спадчыны Савецкага Саюза, калі нацыянальным рэспублікам вызначалі вузкую этнаграфічную канву для развіцця іх культур. Аднак цяпер у праектах Нацыянальнага мастацкага музея і іншых культурных устаноў краіны мы можам знайсці шмат сур’ёзных і прафесійна зробленых экспазіцый, прысвечаных нацыянальнай ідэнтычнасці, якія карыстаюцца нязменнай папулярнасцю гледачоў… Бо захаванне беларускай матрыцы хвалюе многіх культурных дзеячаў па розныя бакі мяжы.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram